Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дагэтуль не аднавіла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у ранейшых абʼёмах.


Пра гэта паведаміў 28 кастрычніка журналістам старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка.

«Мы пакуль у рэжыме чаканьня. Як толькі будзе аднаўленьне паставак нафты ў ранейшых абʼёмах, я асабіста дам інтэрвію», — сказаў ён.

Ляшэнка таксама заявіў, што Беларусь вывучае магчымасьць альтэрнатыўных расейскім паставак нафты.

«Любая нармальная арганізацыя мае запасныя варыянты. Мы дывэрсыфікавалі раней і будзем далей экспэрымэнтаваць», — цытуе Інтэрфакс Ляшэнку.

Ён адзначыў, што ў Беларусі абмяркоўваецца варыянт пастаўкі нафты праз латвійскі порт Вэнтсьпілс. Пра тое, чыя гэта будзе нафта, кіраўнік Белнафтахіма не ўдакладніў.

Адносна цаны на вуглевадароды з альтэрнатыўных крыніц Ляшэнка заўважыў, што «сёньня ёсьць пэўны лішак нафты, але яна ня можа быць істотна таньнейшая за расейскую».

«Мы проста адпрацоўваем рэжым дзеяньняў, калі скончыцца падатковы манэўр у Расеі», — сказаў ён.

У трэцім квартале Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь з 5,3 млн тон да 3,5 млн тон. Віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч патлумачыў, што гэта зьвязана з доўгам Беларусі за расейскі газ. У чацьвёртым квартале пастаўкі плянавалася дадаткова зьменшыць яшчэ на 500 тыс. тон — да 3 млн тон.

Пазьней расейскі бок паведаміў, што пастаўкі нафты адновяцца ў поўным абʼёме пасьля таго, як будзе ўрэгулявана газавая спрэчка зь Беларусьсю. Беларускі бок адмяніў сваё рашэньне аб падвышэньні тарыфаў на транзыт расейскай нафты. І паабяцаў да 20 кастрычніка пагасіць недаплату за расейскі газ у 281 мільён даляраў. Аднак на 26 кастрычніка, паводле Дварковіча, Беларусь не разьлічылася за газ, як было дамоўлена.

24 кастрычніка ў Адэскім порце быў разгружаны танкер з азэрбайджанскай нафтай для Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG