Папа Рымскі наведвае Швэцыю з нагоды юбілею Рэфармацыі

Папа Францішак распачаў падарожжа ў Швэцыю. Сёньня ў горадзе Люнд на поўдні краіны ён сустрэўся са швэдзкай каралеўскай сям’ёй.

Кароль Карл XVI Густаў і каралева Сыльвія прывіталі пантыфіка каля ўваходу ў каралеўскі палац, пасьля чаго адбылася цырымонія прадстаўленьня дэлегацыяў ды прыватная размова.

Швэцыя стане 26-й краінай, якую наведвае Францішак. Пілігрымка ёсьць вынікам разьвіцьця дыялёгу паміж Папскай радай спрыяньня хрысьціянскаму адзінству і Ўсясьветнай лютэранскай фэдэрацыяй ды прымеркаваная да 500-годзьдзя Рэфармацыі.

Узгадаць гэтую дату было вырашана ў Швэцыі, бо менавіта тут, у Люндзе, у 1947 г. была заснаваная Ўсясьветная лютэранская фэдэрацыя — структура, якая каардынуе дзейнасьць розных лютэранскіх цэркваў у 78-мі краінах сьвету.