Рэдактар сайту 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сыльвэр, засуджаны да аднаго году дзевяці месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў выпраўленчую ўстанову і вызвалены ў залі суду. Мера ўтрыманьня зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе. Такое рашэньне прыняў 28 кастрычніка Менскі гарадзкі суд. У народзе такое пакараньне называюць «хатняй хіміяй».
Беларуская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч прывітала вызваленьне блогера з-за кратаў, але скептычна паставілася да прысуду:
«Улада намагаецца кантраляваць нават мінімальныя формы пратэсту. Спрабуе трымаць грамадзтва ў такім страху. Яны ня хочуць зусім заціскаць гайкі, бо як бы ідзе працэс збліжэньня з Эўропай, але, зь іншага боку, улада кажа, што „не-не, усё пад кантролем“.
Але я думаю, што простыя людзі наогул не рэагуюць ні на што, гэта ўсё ў нашай невялікай дэмакратычнай тусоўцы адбываецца. Грамадзтва... Я вось ехала з таксістам, нешта спытала ў яго пра Пальчыса. Кажа, ай, заслужылі і атрымліваюць, а мне вось трэба адной дачцэ купіць паліто, другой, а потым абутак ім купіць... Вось такое я пачула».