Ляўрэатамі літаратурных прэміяў сталі Арлоў, Марозава, Лісейчыкаў і Лапатка

Зьміцер Колас уручае дыплём Якубу Лапатку

Беларускі ПЭН-цэнтар у адзін дзень уручыў тры літаратурныя прэміі: імя Алеся Адамовіча, Францішка Багушэвіча і Карласа Шэрмана. Адну зь іх — прэмію Шэрмана — разам з фондам «Вяртаньне» і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў.

Прэмія імя Карласа Шэрмана (уручаецца за найлепшы пераклад літаратурнага твору на беларускую мову) заснаваная толькі сёлета і ўручаецца фондам «Вяртаньне», ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў ў дзень народзінаў паэта і перакладчыка Карласа Шэрмана, 25 кастрычніка.

У доўгім сьпісе намінантаў было 15 кніг, перакладзеных з 6 моваў 23 перакладчыкамі. У шорт-ліст трапілі тры прэтэндэнты:

Павал Касьцюкевіч зь перакладам з ангельскай мовы кнігі Дугласа Адамса «Аўтаспынам па галяктыцы» (выдавецтва «Логвінаў»);

Францішак Корзун зь перакладам з ангельскай кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Лісты Круцяля» (выдавецтва «Галіяфы»);

Якуб Лапатка зь перакладам зь фінскай мовы кнігі «Калевала» (выдавец Зьміцер Колас).

Пераможца атрымлівае ад міжнароднага дабрачыннага фонду «Вяртаньне» чэк на суму, эквівалентную 2000 даляраў.

У журы прэміі ўвайшлі Лявон Баршчэўскі, Зьміцер Колас, Уладзімер Папковіч, Андрэй Хадановіч і Юля Цімафеева. Старшыні журы няма, усе сябры роўныя.

Імпрэзу адкрыў старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч песьняй Нобэлеўскага ляўрэата Боба Дылана «Словы на вецер».

Прадстаўнік Фонду «Вяртаньне» Сяргей Макарэвіч выказаў спадзяваньне, што матэрыяльны складнік прэміі — 3 900 рублёў — прымусіць выйсьці перакладчыкаў зь ценю і актыўней паказваць сваю творчасьць. Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч павіншаваў усіх з тым, што зьявілася яшчэ адна важкая прэмія. Узгадаў Рыгора Барадуліна, які перакладаў з 30 моў, Ніла Гілевіча, які перакладаў з усіх славянскіх моў. І што праца перакладчыкаў была заўсёды недаацэненая.

Сябра журы Лявон Баршчэўскі кажа, што чытаньне перакладаў і вызначэньне пераможцаў было складаным. Былі тры туры галасаваньня, і журы ўпэўненае, што зрабіла правільны выбар. «Праца перакладчыка — гэта ўсё ж служэньне матчынай мове», — падсумаваў паліглот, перакладчык Лявон Баршчэўскі, прачытаўшы некалькі сваіх перакладаў.

У гэты момант журы заінтрыгавала прысутных. Шасьцярых намінантаў на прэмію ўганаравалі дыплёмамі, а пераможцу пакуль так і не назвалі, перайшоўшы да іншых дзьвюх прэміяў.

Ляўрэатамі прэміяў ПЭН-цэнтру сталі Арлоў, Марозава, Лісейчыкаў і Лапатка

Сьвятлана Марозава і Дзяніс Лісейчыкаў — ляўрэаты прэміі імя Багушэвіча

Прэмія Францішка Багушэвіча заснаваная ў 1994 годзе і ўручаецца за выдатную гістарычную прозу, што спрыяе абуджэньню гістарычнай сьвядомасьці чытачоў.

Гісторык і літаратар Уладзімер Арлоў распавёў, што ініцыятарам прэміі імя Багушэвіча быў Кастусь Акула з Канады, раней яна мела і грашовы складнік.

Ляўрэаты мінулых гадоў — «свабодавец» Аляксандар Лукашук, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Катлярчук, Вольга Бабкова, Людміла Рублеўская, Дзьмітры Матвейчык, Анатоль Трафімчык і іншыя.

Няпростая задача стаяла перад сябрамі журы сёлета, кажа Ўладзімер Арлоў:

«У гэтым годзе выбралі дзьве кнігі, якія напісаныя на тую самую тэму — гісторыя беларускай уніяцкай царквы. Гэтая гісторыя замоўчвалася ў савецкія часы, як і само ўніяцтва. Паводле гісторыка Анатоля Грыцкевіча, у XVIII стагодзьдзі ўніятамі было 75% насельніцтва Беларусі».

Такім чынам, ляўрэатамі прэміі імя Багушэвіча сталі адразу два гісторыкi — Сьвятлана Марозава і Дзяніс Лісейчыкаў, якія атрымалі ганаровыя мэдалі з выявай паэта.

Прафэсарка з Горадні Сьвятлана Марозава ўганараваная за кнігу «Сваёй веры ламаць ня будзем...»: супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 — 1839 гады)«. Намесьнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіву Дзяніс Лісейчыкаў — за кнігу «Святар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг». Дзяніс сваю кнігу ўручыў асабіста Папу Рымскаму Францішку.

Прэмію Алеся Адамовіча атрымаў Уладзімер Арлоў за «Імёны Свабоды»

Прэмія імя Алеся Адамовіча (за найлепшы публіцыстычны твор, прысьвечаны актуальным праблемам сучаснасьці) заснаваная ў 1995 годзе. Раней было 4 намінацыі: літаратурная публіцыстыка, газэтная журналістыка, кінажурналістыка, радыёжурналістыка. Цяпер намінацыя адна — проста публіцыстыка.

Сярод ляўрэатаў прэміі імя Алеся Адамовіча розных гадоў — шмат «свабодаўцаў»: Валянцін Жданко, Віталь Цыганкоў, Ганна Соўсь, Сяргей Дубавец, Віталь Тарас, Сяргей Шупа, Міхась Скобла, Сяргей Навумчык.

Прэмію Алеся Адамовіча прэзэнтавала яго дачка — Натальля Адамовіч. Яна ўзгадала асобных ляўрэатаў прэміі. Ганараваць пераможцаў ёй дапамагаў леташні ляўрэат прэміі Адамовіча паэт Уладзімер Някляеў, які абвясьціў сёлетняга ляўрэата. Прэміяй імя Алеся Адамовіча ўганараваны Ўладзімер Арлоў за кнігу «Імёны Свабоды».

Натальля Адамовіч узгадала, як яна слухала кароткія нарысы Арлова па Радыё Свабода. І сустрэўшы аднойчы Арлова, распавяла яму, што з задавальненьнем слухае. А Арлоў адказаў, што ён на сваёй вуліцы Карла Маркса, дзе жыве, нічога пачуць ня можа — КДБ блізка. І падсумавала: «На жаль, жыцьцё такое, што працяг гэтай кнігі — „Імёны Свабоды“ будзе».

Інтрыгу захоўвалі да апошняга. Прэмію імя Шэрмана атрымаў перакладчык Якуб Лапатка за «Калевалу»

І вось Андрэй Хадановіч вярнуўся да прэміі Карласа Шэрмана. Назваў «душаразьдзіральным момантам» ускрыцьцё канвэрту.

Першым ляўрэатам прэміі імя Шэрмана стаў Якуб Лапатка за пераклад фінскага эпасу «Калевала».

Якуб Лапатка распавёў, што «Калевалу» пераклаў ад злосьці. А Карлас Шэрман яму і яшчэ аднаму перакладчыку некалі параіў: «Хлопцы, зрабілі пераклад, пакладзіце яго на паўгода ў стол, а потым паглядзіце, якую лухту напісалі». І яшчэ яму вельмі шкада, што зь фінскай на беларускую перакладае толькі ён адзін.