Міліцыя шукае сьведкаў таго, як дамалёўвалі калючы дрот на мурале з «маскоўскай дзяўчынкай»

З раніцы 25 кастрычніка ля дома з прарасейскім графіці ў Менску дзяжурыць міліцэйская машына.

Міліцыя шукае сьведкаў працы невядомага мастака, які дамаляваў калючы дрот да графіці пра беларуска-расейскую дружбу на дамах № 32 і 34 па вуліцы Магілёўскай у Менску.

Як паведамляе БелаПАН, увечары 24 кастрычніка супрацоўнік міліцыі абыходзіў кватэры дамоў і цікавіўся, ці ня бачыў хто з жыхароў, як дамалёўвалі графіці. Паводле яго, некаторыя жыхары былі сьведкамі гэтага працэсу, які нібыта адбываўся 22 кастрычніка, у суботу.

Графіці, якія сымбалізуюць беларуска-расейскую дружбу, былі нанесеныя з ініцыятывы расейскага боку з нагоды правядзеньня Дзён Масквы ў Менску ў пачатку чэрвеня гэтага году. Хлопчык на малюнку сымбалізуе Менск, дзяўчынка — Маскву, на іх майках намаляваныя гербы гарадоў. Аўтар работы — расейскі мастак Артур Кашак. Менчукі адрэагавалі на гэты праект неадназначна: шмат хто ў сацыяльных сетках крытыкаваў мурал, называючы яго «адраджэньнем манумэнтальнай прапаганды».

Інфармацыя пра тое, што малюнак дапоўнены выявай калючага дроту (у вянку на галаве дзяўчынкі і ў букеце кветак, які ёй дорыць хлопчык), зьявілася раніцай 24 кастрычніка на старонцы стрыт-арт-супольнасьці Signal ў Facebook. Паведамлялася, што ананімны мастак працаваў 23 кастрычніка, у нядзелю, пры дапамозе спэцыяльнай пад’ёмнай тэхнікі, і пасьля завяршэньня працы зьехаў зь Менску.

У камэнтары Свабодзе ананімны аўтар заявіў: «Хай свабода трактовак гэтага жэсту будзе поўнай і бязьмежнай, не хачу абмяжоўваць яе сваімі нейкімі заявамі».

Мастак сказаў, што маляваў на вуліцы на працягу трох гадзін, і ніхто не спрабаваў яму перашкодзіць.