Раман Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын» выдадуць зноў і перакладуць на расейскую мову

Альгерд Бахарэвіч

Ад 1 лістапада ў менскіх кнігарнях можна будзе набыць новы наклад рамана Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын».

Упершыню кніга была выдадзена напрыканцы 2015 году накладам у 300 асобнікаў.

«Гэта быў стандартны наклад у 300 асобнікаў — у нас цяпер бывае, што некаторыя кніжкі і меншым накладам выходзяць», — сказаў Свабодзе Альгерд Бахарэвіч.

«За дзевяць месяцаў гэты наклад цалкам разышоўся. Попыт на кніжку быў стабільны, людзі ахвотна куплялі, кніжка цягам году была на слыху, выйшла шмат рэцэнзій і водгукаў. То бок я задаволены. Я не магу сказаць, натуральна, што „Белая муха, забойца мужчын“ — гэта бэстсэлер. У нашых умовах гэта немагчыма наогул. Але па беларускіх мерках гэта няблага. Новы наклад, думаю, будзе большы — магчыма, 500 асобнікаў выйдзе. Акрамя таго, рыхтуецца і ўжо хутка выйдзе ў сьвет пераклад раману на расейскую мову», — сказаў Бахарэвіч.

Аўтар таксама абяцае, што ў сьнежні раман «Белая муха, забойца мужчын» будзе ўдзельнічаць у новым праекце, накіраваным на папулярызацыю беларускай літаратуры. Дэталяў праекту аўтар пакуль не раскрывае.

З нагоды выхаду новага накладу 3 лістапада ў кнігарні «Галіяфы» пройдзе аўтограф-сэсія Бахарэвіча, падчас якой аўтар абяцае «раскрыць пару таямніцаў». Пачатак — 19.00.

«Я там ня толькі буду падпісваць кніжкі, але і пляную сустрэцца з чытачамі і распавесьці трохі пра раман і пляны, зьвязаныя зь ім», — кажа ён.

Як казаў раней Альгерд Бахарэвіч, раман «Белая муха, забойца мужчын» «распавядае пра сучасных беларускіх жанчын і іх праблемы».