Служба бясьпекі Ўкраіны заяўляе, што не дала ашукаць МАЗ на 15 млн даляраў

Служба бясьпекі Ўкраіны папярэдзіла нанясеньне ўрону Менскаму аўтамабільнаму заводу на 15 млн даляраў, гаворыцца ў паведамленьні СБУ, разьмешчаным на яе сайце ў суботу, 22 кастрычніка.

«Ашуканскія дзеяньні, якія маглі прывесьці да нэгатыўных наступстваў для міжнароднага іміджу дзяржавы, папярэдзіла Служба бясьпекі Ўкраіны сумесна з паліцыяй», — адзначаецца ў паведамленьні.

У 2013 годзе кіраўнікі камэрцыйнай структуры заключылі дагавор з прадстаўніком ААТ «Менскі аўтамабільны завод» ва Украіне на пастаўку 150 грузавых аўтамабіляў маркі «МАЗ» і прычэпаў да іх коштам больш як 15 млн даляраў ЗША. Атрыманыя грузавікі былі прададзеныя іншым прадпрыемствам, атрыманыя ж сродкі зламысьнікі перавялі ў наяўныя з выкарыстаньнем падстаўных камэрцыйных структур і прысвоілі.

«18–19 кастрычніка 2016 года апэратыўнікі спэцслужбы з прыцягненьнем спэцыялістаў прадпрыемства-вытворцы правялі шэраг вобыскаў на аўтатранспартных прадпрыемствах Хмяльніцкай, Запароскай, Мікалаеўскай, Чаркаскай, Кіраваградзкай і Чарнігаўскай абласьцей. Па выніках вобыскаў канфіскавана больш за 100 грузавікоў, якія знаходзіліся ў вышуку. Адкрыта крымінальная справа па ч. 4 арт. 190 (махлярства): Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Сьледчыя дзеяньні працягваюцца», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.