Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Million Dollar MAN. Дзяржава прадае сваю долю ў супольным прадпрыемстве МАЗ-а


44,4% акцыяў ацанілі ў $1,8 млн. Шмат гэта ці мала?

МАЗ прапанаваў да продажу амаль 4 тысячы акцыяў альбо 44,4% устаўнога фонду супольнага беларуска-нямецкага прадпрыемства МАЗ-MAN. Пакет акцыяў ацэнены ў $1,808 млн (а цэлае прадпрыемства тады можна ацаніць у $4,1 млн). Аплату можна праводзіць у растэрміноўку на 6 месяцаў.

Прадпрыемства запусьцілася ў 1998 годзе. МАЗ-MAN вырабляе з паўсотні мадэляў грузавікоў, некалькі мадэляў пагрузчыкаў, а таксама «сьнегабалотаходы» Hunta. На прадпрыемстве працуе тры сотні спэцыялістаў, у канструктарскім адзьдзеле 20 чалавек.

Гэтыя 44,4% — увесь дзяржаўны пакет, кажа Свабодзе Валянцін Лопан, які 11 год кіраваў цэнтрам грамадзкіх сувязей МАЗ, у тым ліку ў часы ўтварэньня МАЗ-MAN. Астатняе належыць прыватным структурам (зьвязаным зь Віктарам Шаўцовым, № 42 у топ-200 пасьпяховых бізнэсоўцаў часопісу «Ежедневник»), дзяржава альбо МАЗ ня маюць кантрольнага пакету. Такая ўмова была выстаўленая MAN-ам пры ўтварэньні — 51% быў на баку немцаў MAN.

Ці прадаюць МАЗ-MAN таму, што ён пасьпяховы, ці таму, што правальны, Лопан не бярэцца ацэньваць, але запэўнівае: гэтае прадпрыемства ніколі не працавала «на склад».

«Яно не такое буйное, больш мабільнае, больш празрыстае для кіраваньня, па беларускіх мерках яно сярэдняе альбо нават малое, — кажа Лопан. — Зорак зь неба ня хапае, але працуе. На маю думку, тыя машыны, якія яны сэрыйна робяць, яны на адну ступеньку вышэй за тое, што робіцца на канвэеры МАЗ-а. Камэрцыйныя цяжкасьці, мабыць, ёсьць, бо яны цяпер ва ўсіх вытворцаў у СНД. Ня ўсё гладка, але людзі атрымліваюць заробкі, прадпрыемства мае замоўцаў, выйграе тэндэры ў буйных расейскіх вытворцаў».

Лопан мяркуе, што перад продажам праводзілася ўважлівая ацэнка прадпрыемства, і лічба «ня ўзятая з паветра». Але згадвае: калі MAN прадаваў свае акцыі празь пяць год пасьля заснаваньня, цэны былі вельмі нізкія, але тое было даўно і немцы «проста выходзілі». МАЗ жа, калі ўваходзіў у супольнае прадпрыемства, рабіў унёсак маёмасьцю, былі вытворчыя памяшканьні, якія патрабавалі рамонту за кошт MAN.

«Калі яны за гэты продаж атрымаюць грошы, то мо гэта і нядрэнны бізнэс, што ўнесьлі яшчэ ў савецкія гады пабудаваныя будынкі, а атрымалі грошы», — робіць выснову Лопан.

Ад прадпрыемстваў атрымаць камэнтар ня выйшла: МАЗ-MAN запэўнівае, што ўсе пытаньні па продажы трэба накіроўваць у МАЗ, МАЗ жа кажа, што ў МАЗ-MAN.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG