У Маскве невядомыя напалі на дачку Фёдара Емяльяненкі, прэзыдэнта Саюзу зьмяшаных баявых адзінаборстваў Расеі.
Напад адбыўся 9 кастрычніка, калі дзяўчынка вярталася са школы. Яе ўдарылі ў вобласьць сэрца і ў жывот, паведаміла газэта «Московский комсамолец». Выданьне сьцьвярджае, што гэты выпадак наўмысна не ўключалі ў крымінальныя зводкі, і таму пра яго стала вядома толькі цяпер. У панядзелак дзіця шпіталізавалі. Апісаць выгляд нападнікаў дзяўчынка не змагла.
Раней на адрас Емяльяненкі паступалі пагрозы пасьля таго, як ён выступіў з крытыкай двубояў паміж дзецьмі, якія адбыліся 4 кастрычніка ў Грозным ў рамках турніру па зьмяшаных адзінаборствах Grand Prix Akhmat 2016. У дзіцячых баях, якія ўлады Чачні называюць «паказальнымі», удзельнічалі тры сыны кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава.
Емяльяненка асудзіў баі. У адказ з крытыкай на яго адрас выступіў Кадыраў. Дарадца і стрыечны брат кіраўніка Чачні, дэпутат Дзярждумы Адам Дэлімханаў, у сваю чаргу, заявіў, што Фёдару Емяльяненку «давядзецца адказваць за кожнае слова».