Кіраўнік Саюзу зьмешаных баявых мастацтваў (ММА) Расеі Фёдар Емяльяненка асудзіў правядзеньне баёў з удзелам дзяцей кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава на турніры Grand Prix Akhmat 2016 ў Грозным.
Емяльяненка зьвярнуў увагу на тое, што двубоі з удзелам дзяцей былі заяўленыя як паказальныя, але па факце гледачы ўбачылі рэальныя баі.
10-гадовы Ахмад, дзевяцігадовы Зэлімхан і васьмігадовы Адам Кадыравы 4 кастрычніка правялі баі з аднагодкамі і перамаглі, прычым Ахмад адправіў у накаўт свайго суперніка з Сочы ўжо на 14-й сэкундзе.
«Двубоі праводзіліся па правілах, якія існуюць для дарослых спартоўцаў-прафэсіяналаў і не пасуюць для дзяцей. Дзецям да 12 гадоў наогул не дазволена выступаць паводле правілаў ММА. Тое, што адбывалася ўчора на турніры ў Грозным, недапушчальна, а тым больш за гэта нельга апраўдваць!» — напісаў Емяльяненка ў сваім афіцыйным інстаграме.