Беларусь усё ж дамаглася ў Расеі зьніжэньня цэнаў на газ, піша расейскі «Коммерсантъ» са спасылкай на ўласныя крыніцы. Але Крэмль кампэнсуе «Газпраму» страты ад зьніжкі.
Кампэнсацыі манапалісту маюць скласьці сёлета 25 млрд рублёў (400 млн даляраў на момант публікацыі), а ў 2017 годзе маюць скласьці 56 млрд расейскіх рублёў (амаль 900 млн даляраў), сумы будуць залежаць ад курсу расейскага рубля. Гэта называецца «мэханізмам міжбюджэтнай кампэнсацыі».
Крыніцы выданьня кажуць, што расейскі і беларускі бок сышліся на тым, што Беларусь выплаціць Расеі 300 млн даляраў запазычанасьці за газ, але цана на газ з расейскага боку будзе зьніжаная прыблізна на 30% задняй датай зь 1 ліпеня, а надалей фактычную цану для Беларусі будуць разьлічваць як сярэднюю па адзінай сыстэме газазабесьпячэньня Расіі, памножаную на павышальны каэфіцыент. Афіцыйнага пацьверджаньня менавіта такой схемы няма.
Саступкі з расейскага боку крыніцы выданьня тлумачаць тым, што Беларусь узяла на сябе абавязак падпісаць у найбліжэйшы час пагадненьне аб стварэньні адзінага з Расеяй рынку электраэнэргіі, які мае запрацаваць зь ліпеня 2019 году. Тады Беларусі давядзецца рабіць канкурэнтаздольнымі свае газавыя цеплаэлектрастанцыі.
10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што нафтагазавыя «баталіі» скончаныя на тым, што Беларусь скасоўвае падвышэньне тарыфаў на транзыт нафты і вяртае названую Расеяй запазычанасьць за газ, а Расея дае на яго істотную зьніжку. Але расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што зьніжкі на газ ня будзе. Пазьней стала вядома, што Мядзьведзеў і яго беларускі калега Андрэй Кабякоў па тэлефоне абмеркавалі праблемныя пытаньні ў нафтагазавай сфэры і графік будучых кантактаў па ўрадавай лініі, але вынікі перамоваў не паведамляліся.
11 кастрычніка Беларусь афіцыйна скасавала падвышэньне тарыфаў на нафту.