Допінг супраць цывілізацыі

Алег Дашкевіч

Спартовыя выданьні паведамілі, што брытанскі баксэр Тайсан Ф’юры, які год таму адабраў тытулы чэмпіёна ва ўкраінца Ўладзімера Клічко і колькі разоў пераносіў матч-рэванш, патрапіў у скандальную сытуацыю. Ягоная допінг-проба дала станоўчы вынік.

Цяпер матч-рэванш увогуле ў падважаным стане. Арганізатары, набраўшы вады ў рот, не даюць ніякіх камэнтароў.

Ускрыцьцё другой допінг-пробы, калі яна таксама акажацца станоўчай, можа паставіць крыж на кар'еры брытанца.

Сам Ф’юры пасьпеў адзначыцца скандальнай заявай пра завяршэньне сваёй баксэрскай дзейнасьці, пры тым паслаўшы усіх, умоўна кажучы, на тры літары.

Пасьля ён выступіў з новай заявай, дзе абвесьціў сябе найвялікшым і сказаў, што папярэдняя заява была жартам, які ніхто не зразумеў.

Спорт, як і сьвет, дзеліцца на прыхільнікаў і праціўнікаў перамогі любым коштам. Прыхільнікі, не зважаючы ні на якія этычныя нормы, сьцьвярджаюць – пераможцаў ня судзяць.

Гэтую даволі сумнеўную формулу выкарыстоўваюць аўтарытарныя ўлады, якія прывучаюць да яе свае народы і часьцяком заклікаюць адмяніць кантроль за допінагам увогуле.

Чаму?

Таму што кантроль за допінгам, хоць на сёньняшні дзень і недасканалы, гэта ўсё ж правілы, а правілы – якасьць цывілізацыйная.

Адмова ад правілаў, калі дзеля перамогі ўсё можна, адкідае нас у барбарскія часы.

Спорт – удзячная глеба для параўнаньняў. Можна паставіць на месца асобнага спартоўца ці каманды грамадзтва і ўладу, цэлыя краіны й народы.

Калі разглядаць найноўшую беларускую гісторыю, то можна параўнаць час першых прэзыдэнцкіх выбараў з турнірам, дзе некаторыя каманды ўжывалі допінг напоўніцу.

Лукашэнка, напрыклад, у 1994 годзе скарыстаў допінг у выглядзе расейскай падтрымкі. Ён карыстаецца ім дагэтуль у выглядзе дзяржаўных службаў і мэханізмаў, якія ўжывае на сваю карысьць у двубоях з грамадзтвам.

Яму правілы непатрэбныя, як непатрэбныя яны з тымі ж мэтамі ўладзе расейскай.

Увесь допінгавы скандал з расейскімі алімпійскімі і паралімпійскімі камандамі ўзьнік ад таго, што падменай займаліся не спартоўцы, а дзяржаўная спэцслужба.

Прадстаўніку Беларусі Фомачкіну дазваляюць падняць расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпіяды ня толькі таму, каб беларуская ўлада выгадна сябе выставіла ў вачох расейскага электарату, але й таму, што яна абсалютна салідарная з уладай расейскай у адпрэчаньні любых правілаў, і ня толькі ў спорце.

Што ж будзе з Ф’юры, калі ўскрыюць другую допінг-пробу і яна акажацца станоўчай?

Можа я памыляюся, але, нягледзячы на вялікія грошы найбуйнейшых баксэрскіх прафэсійных арганізацый, думаецца, правілы й рэпутацыя для гэтых арганізацый каштуюць непараўнальна болей.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.