Праваабарончая ініцыятыва Human Constanta прыйшла да высновы, што польскія памежнікі, якія падпарадкоўваюцца МУС Польшчы, сыстэматычна парушаюць працэдуру прыняцьця заяваў аб прадстаўленьні прытулку ўцекачам з Чачні, якія едуць транзытам празь Беларусь.
Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Human Constanta «Нябачныя ўцекачы на мяжы Беларусі і Польшчы» (PDF).
Як адзначаецца ў дакладзе, сытуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы можа быць ахарактарызавана як «лякальны міграцыйны крызіс», што выклікана невыкананьнем польскімі ўладамі міжнародных абавязкаў наконт прадстаўленьня прытулку.
Экспэрты Human Constanta адзначаюць, што польскія памежнікі адмаўляюцца прымаць у чачэнцаў вусныя ці пісьмовыя заявы аб прадстаўленьні прытулку і адразу адпраўляюць іх на цягніку назад у Берасьце, што ёсьць парушэньнем Канвэнцыі пра статус уцекача. «Улічваючы адкрытую мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй і паведамленьні аб таемнай прысутнасьці чачэнскіх сілавікоў у Берасьці, нельга адназначна сьцвярджаць, што Беларусь зьяўляецца бясьпечнай краінай для чачэнскіх уцекачоў», — гаворыцца ў дакладзе Human Constanta.
«На думку экспэртаў місіі, у сукупнасьці сыстэма фільтрацыі ўцекачоў, якая склалася на ўчастку мяжы Берасьце — Тэрэспаль, і дзеяньні памежнай службы ня толькі парушаюць права пошуку прытулку, але таксама ўяўляюць сабой жорсткае, прыніжальнае для чалавечай годнасьці абыходжаньне», — падкрэсьліваюць праваабаронцы.
У дакладзе адзначаецца, што галоўныя прычыны ўцёкаў чачэнцаў з сваёй радзімы — таталітарны характар палітычнага ладу ў Чачні і рэпрэсіі з боку сілавікоў: незаконныя затрыманьні, выкраданьні і катаваньні. Атрымаць абарону ў іншых рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі чачэнцы ня могуць, але і знаходзіцца ў Беларусі ім таксама небясьпечна.
«Чачэнскія сілавікі (кадыраўцы) ня раз наведвалі ўцекачоў на вакзале ў Берасьці з роспытамі наконт таго ці іншага чалавека. Гэтак, пасьля сюжэту беларускага тэлеканалу АНТ кадыраўцы шукалі гераіню сюжэту», — паведамляецца ў дакумэнце Human Constanta.
Беларускія праваабаронцы заклікаюць польскі бок забясьпечыць выкананьне нормаў міжнароднага права на ўчастку мяжы Берасьце — Тэрэспаль, а таксама даць ацэнку паводзінам памежнікаў.