Расея прапануе пагаджальную нараду пра тарыфы на транзыт нафты

Канчатковае ўрэгуляваньне пытаньня ў сувязі з падвышэньнем Беларусьсю тарыфаў на транспартаваньне расейскай нафты будзе залежаць ад судовага рашэньня або перамоваў урадаў ці прэзыдэнтаў.

Пра гэта паведаміў РИА Новости начальнік упраўленьня кантролю паліўна-энэргетычнага комплексу Фэдэральнай антыманапольнай службы Расеі Дзьмітры Махонін.

Ён адзначыў, што дзеля захаваньня ўсіх юрыдычных фармальнасьцяў ФАС можа правесьці пагаджальную нараду зь Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі.

Махонін зноў заявіў, што беларускі бок парушыў працэдуру датэрміновай зьмены тарыфу.

«Далейшыя дзеяньні — гэта магчымае правядзеньне пагаджальнай нарады для захаваньня юрыдычнай фармальнасьці. Але галоўнае, што рашэньне пытаньня ляжыць у судовай плоскасьці або плоскасьці перамоваў урадаў або першых асоб дзяржаў», — дадаў прадстаўнік ФАС.

З 11 кастрычніка Беларусь на 50% падвышае тарыфы на транспартаваньне нафты магістральнымі трубаправодамі «Гомельтранснафты» і «Полацактранснафты» (галіны нафтаправоду «Дружба»). Такое рашэньне беларускі бок прыняў 28 верасьня. У Расеі такое падвышэньне назвалі «неймаверным». Расейская кампанія «Транснефть» не падпісала пагадненьне аб падвышэньні тарыфу на транзыт нафты.