Лукашэнка заплянаваў на 2017 год маленечкі рост эканомікі, запавольваньне інфляцыі і крыху інвэстыцыяў

Два ўказы-прагнозы падпісаў 4 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, паведамляе ягоная прэс-служба. Адзін ставіць задачы на сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё, другі вызначае асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2017 год. Ніводзін зь іх яшчэ не апублікаваны цалкам.

Першы ўказ (№ 358) ставіць мэтай рост канкурэнтаздольнасьці эканомікі і стварэньне ўмоваў для выкананьня абяцаньняў на «пяцігодку» (з абяцаньняў на мінулую «пяцігодку» выканана не было ніводнае).

Плянуецца рост валавога ўнутранага прадукту на 1,7% да 2016 году, зьніжэньне тэмпаў інфляцыі да 9%, а таксама 1,4 млрд даляраў замежных інвэстыцыяў.

Таксама заплянаваны рост экспарту на 3,8%, прадукцыйнасьці працы — на 1,8%, заробкаў — на 1,5% (заробкі маюць расьці павольней за прадукцыйнасьць) і рэальных грашовых выдаткаў насельніцтва — на 1,3%.

7 краінаў, у эканоміку якіх цяжка паверыць беларусу

Сярод ключавых задачаў называюцца стварэньне эфэктыўнай сыстэмы занятасьці і новых працоўных месцаў, падвышэньне эфэктыўнасьці кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю, паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату і зьніжэньне адміністрацыйнага ціску на бізнэс.

Другі ўказ (№ 359) абяцае захаваць пераемнасьць у грашова-крэдытнай палітыцы і забясьпечваць цэнавую стабільнасьць. Ён пацьвярджае: інфляцыю трэба зьнізіць да 9%. Шырокая грашовая маса (наяўныя плюс безнаяўныя грошы ў абароце і на рахунках і дэпазытах у любой валюце) мае вырасьці на 12–16%. Нацбанк павінен надалей умацоўваць давер да нацыянальнай валюты.

Атрымаецца?

Міжнародны валютны фонд дае па Беларусі больш сьціплыя прагнозы. Так, МВФ прагназуе (PDF), што эканоміка Беларусі ў 2017 годзе вырасьце толькі на 0,4%. Інфляцыя прагназуецца роўнай 12,1%. Наўрад ці МВФ чакае новых працоўных месцаў: прагназуецца рост афіцыйнага беспрацоўя да 2,5% (рэальнае можа быць на парадак вышэйшым).

«Лукашэнка сёньня — не чараўнік, а казачнік»

Першыя 8 месяцаў 2016 году не дэманструюць прыкметаў выхаду з крызісу: падае ўсё. ВУП упаў на 3% і падзеньне паскорылася, сярэдні заробак упаў на 4%, гэтаксама ўпалі абʼёмы вытворчасьці, прадукцыйнасьць працы і інвэстыцыі ў асноўны капітал. Прамысловыя гіганты звальняюць сотні працаўнікоў. Расьце толькі зьнешняя запазычанасьць.

Беларусь спрабуе падвысіць на 50% цэны на транзыт расейскай нафты і атрымаць ад Расеі зьніжкі на газ, але пакуль ні тое, ні другое не ўдаецца.

Лукашэнка, які сам яшчэ нядаўна забараняў даваць эканоміцы «занадта пэсымістычныя ацэнкі», у верасьні «насьцярожыўся» адсутнасьцю эканамічнага росту.