Чыноўнік Міністэрства спорту і турызму Андрэй Фомачкін, які прайшоў з расейскім сьцягам на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў, атрымаў сэртыфікат на кватэру ў Падмаскоўі.
Падарунак Фомачкіну зрабіў расеец Сяргей Шмакаў — у мінулым чэмпіён Расеі і прызэр Кубка Эўропы па ралі-рэйду, а цяпер прэзыдэнт групы кампаніяў «Сапсан». Шмакаў назваў учынак Фомачкіна «фантастычным».
«Андрэй такі ўчынак зьдзейсьніў, што годны таго, каб жыць у такім шыкоўным жылым комплексе ў Сонечнагорскім раёне, там уся сацыялка. Гэта падарунак — ад усёй душы рускай, гэта ня нейкі там піяр, гэта мой падарунак ад сябе асабіста», — цытуе tut.by Сяргея Шмакава.
Беларуская дэлегацыя прыбыла ў Маскву, каб перадаць расейцам сьцяг, зь якім чыноўнік Мінспорту Беларусі Андрэй Фомачкін прайшоў на адкрыцьці Паралімпіяды.
Супрацоўніку Міністэрства спорту і турызму Андрэю Фомачкіну, хутчэй за ўсё, давядзецца звольніцца, каб ён мог прыняць падарунак — кватэру ў Падмаскоўі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Мінспорту. Лёс падарунка вызначаць юрысты.