Anatoli Babenia: – «Беларуская лацінка непрактычная. Тäмu chtö çïtæbëlnøßt õt íëßpolsõvànía ūm'līåutöv nïé póvīßætçå».
Гэта сьвежы камэнт незнаёмага мне чалавека. А я падобных у розных формах чытаў дзясяткі за апошнія паўтара года. Лацінка вярнулася ў беларускае жыцьцё летась да хакейнага чэмпіянату сьвету праз інфармацыйныя ўказальнікі ў цэнтры Менску. Але сама тэма з ранейшых часоў то актывізуецца, то заціхае, то зноў успыхвае баталіямі. Самая гучная дыскусія сёлета адбылася на пачатку верасьня дзякуючы выказваньню культуроляга і драматурга Юліі Чарняўскай. У пашпарце ў яе імені і прозьвішчы гукі «ю», «я» перадалі лацінскімі «ju», «ja». Спадарыня Чарняўская прачытала на францускі манэр «жу», «жа».
Камусьці муляюць вока дыякрытычныя знакі-«гачкі», хтосьці чытае ўласнае прозьвішча ці надпісы на шыльдах правіламі той замежнай мовы, якую вучыў у школе. Адпаведна камусьці не падабаецца, як гучыць уласнае імя, хтосьці перажывае, што «іншаземцы не зразумеюць».
Галоўная праблема з прыняцьцем людзьмі беларускай лацінкі ў Беларусі палягае ў тым, што лацінка ўспрымаецца большасьцю як штосьці замежнае/для замежнікаў, а не як сваё роднае.
Я не магу вінаваціць Anatoli Babenia ці Юлію Чарняўскую, як і большасьць іншых крытыкаў беларускай лацінкі. Узгадайце, як у грамадзкае жыцьцё ўвайшлі Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг. Шок, неразуменьне, адасабленьне – «Што гэта такое?! Нас такому не вучылі!»
Не вучылі лацінцы разам з нацыянальнымі сымбалямі, бо лацінка як зьява беларускай гісторыі і культуры была табуяванай ведай, якая ляжала глыбока на дне савецкіх спэцхранаў. Бо лацінка і ёсьць адным з нацыянальных сымбаляў.
Лацінка вядзе да Браніслава Тарашкевіча (прапанаваў сучасны варыянт, які цяпер крыху падрэдагаваны), ад яго да стваральнікаў БНР, далей да выдаўцоў «Нашай Нівы», Францішка Багушэвіча, Кастуся Каліноўскага, якія ўжывалі лацінку ў сваіх выданьнях. Самы вядомы зь першых друкаў у новым часе – паўстанцкая «Mużyckaja prauda». А пачатак ляжыць ажно як мінімум у XVІ ст., калі фіксуюцца дакумэнты беларускай мовай лацінскім шрыфтам.
Беларуская нацыянальная ідэя пайшла з таго рэгіёну Беларусі, дзе лацінка была больш пашыраная за кірыліцу. Спачатку ў Расейскай імпэрыі, а пасьля ў СССР лацінку імкнуліся выціснуць з жыцьця як адну з прыкмет заходняй цывілізацыі.
Сёньня ад дзіцячага садка мы чуем пра існаваньне «англіцкіх і рускіх букаф». Дэзарыентацыя ў паняцьцях закладаецца з маленства і падтрымліваецца цягам усяго жыцьця. Ня бачу тут сучаснай ідэалёгіі, хутчэй савецкую звычку і запаволенасьць зьменаў у сьвядомасьці.
Прыняць беларускую лацінку як сваю замінае яшчэ і тое, што беларуская мова многімі ўспрымаецца не як базавая. А як этнаграфічны дадатак, на які «перакладаюць» з расейскай. І вось з гэтага перакладу «перакладаюць» на лацінку.
А насамрэч расейская – навязаны «бонус», які разьдзьмуўся і пачаў замяняць сабой арыгінал.
Лацінка – «трэці элемэнт». Трэці пасьля беларускай мовы і беларускай сымболікі. Элемэнт, які дапаможа спарадкаваць гармідар у галовах. Сабраць «lego» беларускай самаідэнтыфікацыі.
Па-нармальнаму ўжо сёньня бацькі са сваімі першаклясьнікамі мусілі б вывучаць беларускую лацінку – каб умець напісаць уласныя імя, прозьвішча, месца, дзе жывеш. Для пачатку.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.