У Маскве прайшоў вечар памяці Паўла Шарамета

Архіўнае фота. Кветкі на месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2016 году

У маскоўскай Вышэйшай школе эканомікі 28 верасьня прайшоў вечар памяці беларускага журналіста Паўла Шарамета, забітага ў Кіеве 20 чэрвеня, распавядае The New Times. Вядоўцам дыскусіі быў расейскі журналіст Уладзімір Познэр.

Родзічы, знаёмыя і калегі падзяліліся ўспамінамі пра Шарамета. Згадвалі, што ён быў розным у прафэсіі і ў жыцьці: быў настойлівым і патрабавальным у працы, а па-за межамі працы быў лёгкім, сьветлым і адкрытым чалавекам.

Сустрэча перайшла ў дыскусію пра свабоду слова ў Расеі, кожны прысутны меў тры хвіліны на выступ. Шарамета прыводзілі як прыклад сапраўднага журналіста, а пра яго забойства казалі, што гэта замах на свабоду слова і незалежную журналістыку. Вядоўца застаўся незадаволеным другой часткай вечара: маўляў, шмат каму гэта было нецікава, шмат хто не разумеў, пра што гаворка.

Супрацоўнікі ВШЭ плянуюць правесьці яшчэ адзін вечар памяці Шарамета ў яго дзень народзінаў, 28 лістапада.

***

Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля. Паводле папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня, дзяўчына і хлопец заклалі самаробную выбуховую прыладу пад машыну напярэдадні ўначы. Паліцыя шукае адзінага сьведку, які ў той час праходзіў побач і мог бачыць абодвух падазраваных. Сьледзтва пакуль ня выявіла іх асобаў. Міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў адмаўляецца камэнтаваць падрабязнасьці расьсьледаваньня справы і не прагназуе тэрмінаў яе завяршэньня, але мяркуе, што ёсьць усе шанцы раскрыць забойства.