ЗША віталі даклад сьледчых аб прычынах гібелі «Боінга» MH17

Прамежкавы даклад Аб’яднанай сьледчай групы па справе аб нападзе на Боінг MH17 Малайзійскіх авіяліній

Дзярждэпартамэнт заклікаў іншыя краіны аказаць дапамогу ў расьсьледаваньні.

Злучаныя Штаты вітаюць прамежкавы даклад Аб’яднанай сьледчай групы ў справе нападу на «Боінг» MH17 Малайзійскіх авіяліній, адзначаецца ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША.

«Прамежкавыя вынікі групы пацьвярджаюць заяву дзяржсакратара Керы ў першыя дні пасьля трагедыі пра тое, што MH17 быў зьбіты ракетай „Бук зямля-паветра“, выпушчанай з падкантрольнае прарасейскім сэпаратыстам тэрыторыі на ўсходзе Ўкраіны», — падкрэсьліў прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЗША Джон Кірбі.

Сьледчая група таксама выявіла, працягваў Кірбі, што напярэдадні інцыдэнту ўстаноўка «Бук» была транспартаваная на падкантрольную сэпаратыстам тэрыторыю ва Ўкраіне з Расеі і вернутая ў Расею пасьля таго, як пускавая ўстаноўка была выкарыстаная, каб зьбіць MH17.

«Нішто ня можа суцішыць смутак тых, хто страціў блізкіх у той трагічны дзень», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту. Разам з тым, падкрэсьліў ён, «гэтая аб’ява — яшчэ адзін крок на шляху прыцягненьня да суду тых, хто нясе адказнасьць за гэты абуральны напад».

«Злучаныя Штаты працягнуць сумесную працу з Аб’яднанай сьледчай групай над расьсьледаваньнем», — заявіў Джон Кірбі. Ён заклікаў іншыя краіны аказаць дапамогу расьсьледаваньню з тым, каб вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасьці, паведамляе «Голас Амэрыкі».