ЗША не выключаюць магчымага пашырэньня санкцый супраць Расеі ў сувязі зь дзеяньнямі Масквы ў Сырыі. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі заявіў афіцыйны прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст, паведамляе DW.
«Мы не скідаем з рахункаў магчымае ўвядзеньне дадатковых эканамічных санкцыяў. Фінансавыя санкцыі даказалі, што зьяўляюцца дзейсным інструмэнтам па падтрымцы нашых інтарэсаў па ўсім сьвеце. Гэта значыць, мы дакладна не здымаем іх магчымасьць з парадку дня», — сказаў Эрнэст.
Ён адзначыў эфэктыўнасьць санкцый, якія прымяняюцца «у цесным узаемадзеяньні з партнэрамі», што ўзмацняе законнасьць гэтых захадаў. «Такую магчымасьць я не выключаў бы ў гэтым выпадку», — дадаў прадстаўнік Белага дома. Эрнэст таксама адзначыў, што ў апошнія дні сытуацыя ў Сырыі абвастрылася, і заявіў пра ўдары арміі Асада і расейскіх войскаў, якія пачасьціліся.
Раней, 25 верасьня, спэцыяльны пасланьнік ААН па Сырыі Стафан дэ Містура на выступе перад членамі Рады Бясьпекі ААН заявіў, што на Алепа былі скінутыя бочкавыя бомбы, запальныя боепрыпасы і бэтонабойныя бомбы.