Памятаю, гадоў пятнаццаць таму, калі ў краме, кавярні ці ўстанове ў адказ на зварот па-беларуску абслуга хмыкала альбо няўцямна глядзела табе ў вочы, з выглядам абсалютнае шкадобы да той абслугі на расейскай мове задавалася ўдакладняльнае пытаньне:
– Вы что, беженка?
– Почему?
– Потому что двух слов по-беларусски не можете связать.
Звычайна пытаньне дзейнічала, і беларуская мова ў зваротнага боку прарэзвалася альбо прыходзіў нехта іншы, хто мог адказаць па-беларуску, а папярэдні супрацоўнік, адчуваючы ўласную заганнасьць, чырванеючы, сыходзіў з вачэй.
Але гэты сьцёб хоць і цешыў самалюбства, мала ўплываў на сытуацыю ў цэлым.
Да таго ж былі выпадкі, калі наш сьцёб выклікаў агрэсію зь іншага боку, сытуацыя напальвалася й часам даходзіла да бойкі. Аднак станоўчы вынік гэткія выпадкі мелі мізэрны, а часам, думаю, і адваротны, бо выглядалі на правакацыю.
Але вось чытаю, а апошнім часам нават сачу за дзейнасьцю на ніве прасоўваньня беларушчыны журналіста Глеба Лабадзенкі.
Трэба зазначыць, што ён – больш прафэсійны й выніковы, чым калісьці былі мы, бо зразумеў парадыгму сыстэмы й прымусіў яе працаваць на беларушчыну.
Прызнаюся, напачатку я глядзеў на ягоныя дзеяньні зь вялікім скепсысам, бо лічыў, што гэта марнатраўства сілаў і эмоцыяў. Зашмат намаганьняў трэба было, каб нават ня вырашыць, а толькі акрэсьліць праблему. Але Глеб не спыняўся, і, падазраю, знаходзіў у гэткай гульні свой азарт, бо сілаў і натхненьня на падобную дзейнасьць яму хапала й хапае. І, што больш каштоўна, у Лабадзенкі хапае розуму, каб давесьці сваю рацыю ў такі спосаб і на такім узроўні, што вынікі відаць ня толькі апанэнтам, але й іхным партнэрам, калегам дый грамадзтву ў цэлым.
Нечакана зь летуценьніка Дон Кіхота Лабадзенка ператварыўся ў цалкам сабе значную мэдыйную пэрсону, якую ўжо нельга праігнараваць і ад заўваг якой адмахнуцца. Сабе даражэй.
Часы мяняюцца, ад сарамлівага й асьцярожнага выкарыстаньня мовы й суцэльнага плачу па ёй у канцы васьмідзясятых, у дзевяностых-нулявых мы ўжо сьцябаліся з тых, хто мовы ня ведаў, а то й біліся за яе, то бок, ад абароны пераходзілі ў такі несыстэмны, часам авантурны наступ. Наш спосаб быў, магчыма, эмацыйны й творчы, але не тэхналягічны.
Глеб Лабадзенка й ягоныя аднадумцы-пасьлядоўнікі, якія зьяўляюцца то тут, то там, здолелі сфармаваць тэхналёгію моўнага наступу, выкарыстоўваючы адно сваю энэргію, звычайныя бюракратычныя мэханізмы й зацьверджаныя на дзяржаўным узроўні законы й пастановы. Гэтым прымушаючы аб’ектаў і суб’ектаў грамадзтва выконваць тое, што запісана ў законах.
Можа камусьці шлях напісаньня скаргаў, заўваг і трыманьне гэтай гульні на ўласным кантролі падасца занудным, але калі ён дзейсны й прыносіць вынік і сатысфакцыю самому ўдзельніку працэсу, то гэта варта вітаць.
Апошні вядомы выпадак з сыстэмай аўтазаправак United Company, калі з адмовы на просьбу пераключыць канал Расея24 выбухнуў скандал, які прымусіў уладальнікаў аўтазаправак увогуле выключыць ТБ трансьляцыю, на якую яны ня мелі права паводле закону, і па выніках суду, магчыма, заплацяць штраф за парушэньне заканадаўства.
Скандал выліўся ў сацыяльныя сеткі й мэдыяпрастору, і, думаю, быў заўважаны й прыняты да ведама іншымі кампаніямі й арганізацыямі ня толькі у галіне аўтазаправачнага бізнэсу.
Паводле допісаў у фэйсбуку самога Глеба, назіраюцца відавочныя станоўчыя зрухі з моўным пытаньнем у сыстэме гандлю. Напэўна мяняецца час, кан’юктура, падгадавалася генэрацыя, для якой мова ня нешта нейкае, але усё больш звычайная справа.
Лабадзенка й час папросту знайшлі адно аднаго.
Глеб Лабадзенка: Зайшоў у «Мацярык» набыць вядро для сьмецьця – кансультант падрабязна апавёў пра ўсе вёдры на чысьцюткай беларускай мове. Нядаўна купляў у «Оме» разэтку – тая самая гісторыя. Мне аднаму так шанцуе ці беларуская мова перадумала паміраць? ;)
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.