Збор рэчаў праходзіў на мінулым тыдні ў прасторы «Цэх». Неабыякавыя жыхары Менску прыносілі туды вопратку, дзіцячыя цацкі, коўдры. 23 верасьня актывісты адвезьлі дзясяткі пакункаў з гуманітарнай дапамогай у Берасьце. Журналістка Ганна Бадзяка, якая далучылася да місіі ў якасьці валянтэркі, распавядае:
«Увесь салён машыны быў завалены торбамі, яны ледзь зьмяшчаліся. Частку рэчаў мы наладавалі ў прычэп. Хочацца выказаць падзяку кампаніі «А-100» за тое, што абсалютна бясплатна далі пакарыстацца нам гэтым прычэпам. Чачэнцы былі вельмі ўдзячныя, нават дапамагалі ў сартаваньні рэчаў. Усё дзіцячае разабралі імгненна, засталося трошкі мужчынскай вопраткі. Яе мы занесьлі ў офіс Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця «Дзедзіч».
Паводле актывістаў, асноўная частка дапамогі была сабраная ў Менску, але берасьцейцы сабралі 130 рублёў, на якія валянтэры набылі неабходныя лекі для ўцекачоў. Справаздача зьмешчаная на старонцы Human Constanta у Фэйсбуку.
«Мы плянуем працягваць працаваць з уцекачамі і надалей, але цяпер дапамога будзе больш адраснай, а не хаатычнай. Будзем развозіць па кватэрах, каму што трэба», — кажа Ганна.
На гэты момант у Берасьці знаходзяцца ад 2 да 3 тысяч чачэнцаў. Прыкладна 30 сем’яў начуюць на вакзале. Штодзень яны спрабуюць атрымаць прытулак у Польшчы. Некаторыя называюць сябе «эканамічнымі ўцекачамі», а некаторыя паведамляюць праваабаронцам пра катаваньні і перасьлед у Чачні за свае палітычныя погляды.