Забаўляльная законатворчасьць: а давайце забаронім аборты!

Юлія Шарова, музычны кіраўнік у адным зь дзіцячых садкоў Менску.

Беларускія мужчыны — людзі суворыя, дзелавыя і вельмі, вельмі занятыя. Такая выснова ў мяне напрошваецца паводле назіраньняў за татулямі маіх выхаванцаў.

Некаторых я за некалькі гадоў, ад ясьляў да старэйшай групы, ніводнага разу не пабачыла, хоць яны жывуць законным шлюбам з матулямі гэтых дзяцей. Напэўна, днююць і ночаць на працы. Многія, у адрозьненьне ад мамаў, ніколі са мной не вітаюцца ў адказ на маё «добры дзень», хоць і бачаць мяне на ранішніках і ведаюць, хто я такая. Напэўна, вельмі стрыманыя людзі, для якіх сказаць лішняе слова малазнаёмаму чалавеку — псыхалягічная пакута. Многія, у адказ на просьбу сыграць на ранішніку Дзеда Мароза, пытаюцца: «А колькі каштуюць артысты?». Дзелавыя.

Мне заўсёды падавалася, што большасьць нашых мужчын не настолькі зацікаўленыя ў дзецях. Але чарговая сьвятарная вайна ў Фэйсбуку вакол праблемы абортаў прымусіла мяне перагледзіць сваё стаўленьне да суайчыньнікаў.

Дзіцячы садок, куды дзясяткі сем’яў прыводзяць сваіх дзяцей — даволі яскравы сацыяльны зрэз, каб меркаваць пра стаўленьне беларускіх татаў да ўласных нашчадкаў і да дзяцей наагул. Таму мне заўсёды падавалася, што большасьць нашых мужчын не настолькі зацікаўленыя ў дзецях. Але чарговая сьвятарная вайна ў Фэйсбуку вакол праблемы абортаў прымусіла мяне перагледзіць сваё стаўленьне да суайчыньнікаў.

Інфармацыйная нагода: польскі парлямэнт у першым чытаньні прыняў законапраект аб татальнай забароне перарываньня цяжарнасьці, у тым ліку для згвалтаваных і хворых жанчын, а таксама для тых, у каго выявілі цяжкія паталёгіі плода. Гэта адбылося ў мінулую пятніцу, і цягам выходных успыхнула безьліч дыскусій на тэму таго, ці варта ўводзіць нешта падобнае ў Беларусі.

Адгадайце з першага разу, хто актыўней за ўсіх падтрымлівае ідэю забараніць аборты? Беларускія мужчыны, прычым іх веравызнаньне і палітычныя погляды істотнага значэньня ня маюць. Хто часьцей за ўсіх называе жанчын «забойцамі», калі тыя выказваюцца супраць забароны спаронаў? Правільна, яны самыя.

У рэальным жыцьці мужчыны ў масе сваёй пачынаюць цікавіцца роднымі дзецьмі, калі тыя ўжо ўмеюць размаўляць сказамі і выглядаюць, як людзі, а не маленькія чарвячкі.

У рэальным жыцьці мужчыны ў масе сваёй пачынаюць цікавіцца роднымі дзецьмі, калі тыя ўжо ўмеюць размаўляць сказамі і выглядаюць, як людзі, а не маленькія чарвячкі. У сацыяльных сетках мужчыны праліваюць мэгабайты віртуальных сьлёз над няшчаснымі эмбрыёнамі, якіх забіваюць маці-садысткі — натуральна, што дзеля кар’еры і захаваньня фігуры. А якія яшчэ могуць быць матывы ў тых, чый арганізм створаны для выношваньня і нараджэньня дзяцей? Толькі эгаістычныя і антыгуманныя, харошая дзяўчынка на аборт ня пойдзе.

Жанчын, якія выказваюцца ў падобным стылі, таксама хапае — унутраная мізагінія ў Беларусі квітнее. Будучы харошымі дзяўчынкамі, яны, імаверна, чакаюць пуцёўкі ў рай, а пакуль што задавальняюцца «лайкамі» ад іншых харошых дзяўчынак і ад мужчын-гуманістаў, абаронцаў зачатых жыцьцяў. Але ж кожная дзяўчынка ад прыроды мае матку і яечнікі, таму рана ці позна яна можа прымерыць на сябе сытуацыю незаплянаванай цяжарнасьці з усім наборам страхаў і трывогаў. Жанчыне крыху прасьцей зьмяніць сваё меркаваньне ў пытаньні абортаў.

Мужчына застанецца ў сваіх прынцыпах непрабіўным, як сьцены Палацу рэспублікі — «забойцы, саджаць, нараджаць».

Мужчына застанецца ў сваіх прынцыпах непрабіўным, як сьцены Палацу рэспублікі — «забойцы, саджаць, нараджаць». Ён жа не забойца, калі толькі ён не гінэколяг, што практыкуе перарываньні цяжарнасьцяў. А так усё проста — апладніў, спаслаўся на немагчымасьць удзелу ў выхаваньні «зачатага жыцьця» і абстрагаваўся. Уся адказнасьць на жанчыне, а мужчына — ён стваральнік, такая яго роля.

Я заўсёды была кепскай дзяўчынкай і трапляла куды захачу, таму мне крыху надакучыла тлумачыць, чаму жанчына мае права распараджацца ўласным целам, чаму эмбрыён або плод — яшчэ не чалавек, чаму бэбі-боксы — ня выйсьце і чаму жанчына будзе павязаная па руках і нагах, калі пагодзіцца нарадзіць і перадаць на ўсынаўленьне сваё біялягічнае дзіця.

Таму я прапаную ўвесьці татальную забарону абортаў у Беларусі і разам з тым прыняць некаторыя папраўкі ў Сямейны, Крымінальны і шэраг іншых кодэксаў і выдаць некалькі новых дэкрэтаў у імя абароны зачатых жыцьцяў. Зладзім мужчынам-пралайфэрам «поўны абаранец».

Кожны жыхар краіны ад 16 гадоў павінен здаць генэтычны матэрыял для аналізаў ДНК, калі такія спатрэбяцца.

Па-першае, бацькоўства кожнага дзіцяці павінна быць усталяванае і зафіксаванае. Дзеля гэтага кожны жыхар краіны ад 16 гадоў павінен здаць генэтычны матэрыял для аналізаў ДНК, калі такія спатрэбяцца. Калі дзіця нарадзілася не ад шлюбнага партнэра жанчыны, то аўтар «кіндэрсюрпрызу» абавязаны афіцыйна прызнаць бацькоўства і плаціць алімэнты, незалежна ад свайго актуальнага сямейнага становішча.

У выпадку адмовы жанчыны ад дзіцяці біялягічны бацька робіцца першым кандыдатам на апякунства і павінен прывесьці важкую аргумэнтацыю, чаму ён ня можа забраць сірату. Калі ж ён ня можа быць апекуном, то павінен разам з жанчынай плаціць дзяржаве алімэнты.

Жанаты і прыжыў пабочнае дзіця? Твае праблемы, ты ведаў, хлопча, што ад сэксу часам бываюць цяжарнасьці, таму круціся цяпер як хочаш паміж сваімі сем’ямі. Калі бацькоўства немагчыма вызначыць (плод кароткага курортнага каханьня ў далёкай краіне, напрыклад), тады жанчына атрымлівае ад дзяржавы матэрыяльную дапамогу на дзіця ў пяціразовым памеры — за асьвяжэньне генафонду нацыі.

Прапаную замацаваць на заканадаўчым узроўні мінімальны ўдзел мужчын у выхаваньні дзяцей.

Па-другое, я прапаную замацаваць на заканадаўчым узроўні мінімальны ўдзел мужчын у выхаваньні дзяцей — колькі разоў яны павінны зьявіцца ў садку і ў школе, колькі часу правесьці з дзецьмі ў выходныя, пакуль жонка робіць манікюр, колькі дзён адбыць на бальнічным і ў дэкрэце.

Для разьведзеных — на які пэрыяд часу дзіця павінна пераяжджаць да свайго бацькі. І крый божа скінуць нашчадка на бабулю — штраф дзесяць базавых велічынь, або адбіраньне правоў кіроўцы на месяц, або блякаваньне рахунку ў World of Tanks на паўгода. А што ты думаў, дружа, дзеці патрабуюць увагі і павінны знаходзіцца пад наглядам законных прадстаўнікоў. Бабуля, калі што, законным прадстаўніком не зьяўляецца.

Былы гвалтаўнік абавязаны будзе да пэнсіі адпрацоўваць пэўныя гадзіны на грамадзкіх працах — напрыклад, расчышчаючы сьметнікі.

Па-трэцяе, біялягічныя бацькі дзяцей, зачатых у выніку гвалту, абавязаныя будуць ня толькі адседзець належны тэрмін у калёніі, але і прайсьці працэдуру поўнай стэрылізацыі. Таксама на іх ускладаецца абавязак да скону выплачваць жанчыне кампэнсацыю маральнай шкоды. Удзел у выхаваньні дзіцяці ў такіх выпадках патрабуецца толькі па жаданьні жанчыны. Пры гэтым былы гвалтаўнік абавязаны будзе да пэнсіі адпрацоўваць пэўныя гадзіны на грамадзкіх працах — напрыклад, расчышчаючы сьметнікі.

Таты дзяцей з цяжкімі паталёгіямі ня маюць права разводзіцца з жонкай без яе згоды, пакуль дзіця жыве.

Па-чацьвёртае, няхай таты дзяцей з цяжкімі паталёгіямі ня маюць права разводзіцца з жонкай без яе згоды, пакуль дзіця жыве. У выпадку, калі жонка дае згоду на развод, мужчыне прызначаюць алімэнты ў памеры сярэдняга заробку па краіне, нават калі дзіця дасягнула паўналецьця. У выпадку адмовы сям’і ад такога дзіцяці органы апекі маюць права прымусова прызначыць апекуном актыўнага мужчыну-пралайфэра. Выказваўся ў прэсе на тэму абароны зачатага жыцьця — атрымай сабе прыёмнага сыночка або дачку з поўным наборам хваробаў. Ты ж мужык, а мужыкі за базар адказваюць.

Думаю, такіх захадаў будзе дастаткова, каб мужчыны-пралайфэры нарэшце адчулі розьніцу паміж абстрактным «зачатым жыцьцём» і канкрэтнымі дзецьмі. Ну, а далей паглядзім, хто першы выступіць за вяртаньне дазволу на перарываньне цяжарнасьцяў.

Мужчыны і выступяць, можаце не сумнявацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.