«Грошай няма нават на самае неабходнае. Эканоміка коціцца пад адхон...»

У пошце Свабоды ў гэтыя верасьнёўскія дні па-ранейшаму пераважаюць водгукі на нядаўнюю выбарчую кампанію ў Беларусі. Мяркуючы па выніках, агучаных уладамі, беларусы падчас галасаваньня паслухмяна падтрымалі той палітычны курс, які давёў іх да эканамічнага заняпаду: у дэпутаты трапілі пераважна тыя, хто быў вылучаны і зацьверджаны ў чыноўніцкіх кабінэтах. (Дзьве дэпутаткі-апазыцыянэркі, якія сталі неспадзяваным выключэньнем, надвор’я ў новай Палаце прадстаўнікоў ня зробяць).

Наш даўні слухач Анатоль Чачотка зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, такім вынікам выбарчай кампаніі не давярае. Ён піша:

У тое, што беларусы дружна прагаласавалі за працяг сваёй галечы, я проста ня веру. Не такія мы дурныя.

«У тое, што беларусы дружна прагаласавалі за працяг сваёй галечы, я проста ня веру. Не такія мы дурныя.

Асабіста я ўвесь мінулы месяц уважліва слухаў і глядзеў па тэлевізары выступы і дэбаты кандыдатаў. Большасьць праўладных вылучэнцаў выглядала проста недарэчна. Ніякай канкрэтыкі, адны сацыялістычныя лёзунгі накшталт „Выканаем ды перавыканаем!“

А між тым сытуацыя ў Беларусі патавая. Эканоміка коціцца пад адхон. Рэальныя заробкі і пэнсіі зьніжаюцца. Грошай няма нават на самае неабходнае. Вось, напрыклад, жыхары трох раёнаў Менску дагэтуль вымушаныя спажываць ваду, узятую зь Вілейска-Менскай воднай сыстэмы. Вадаём адкрыты, у ім кішаць мільярды розных паразытаў. Каб пазьбегнуць эпідэміяў, ваду напампоўваюць хлёрам. А ад хлёру, як вядома, здароўя не дабаўляецца. У многіх нашых людзей ужо пасьля 50 гадоў выпадаюць зубы.

А які зьдзек зь людзей, што ня маюць працы! Што гэта за сацыяльная дзяржава, якая ня толькі не дапамагае беспрацоўным, а яшчэ імкнецца садраць зь іх падатак? Я ўжо маўчу пра нашы пэнсіі. У мяне працоўны стаж больш за сорак гадоў, а пэнсія — мо чвэрць той сумы, якую атрымлівае ў якасьці сацыяльнай дапамогі просты амэрыканскі беспрацоўны.

Сэрца радавалася, што ёсьць сапраўдныя беларусы, якія душой і сэрцам хварэюць за родную Беларусь. Вельмі хацелася, каб менавіта яны сталі асновай беларускага парлямэнту.

А колькі ў нас праблемаў у мэдыцыне, адукацыі, камунальнай гаспадарцы! Пра іх сьмела гаварылі ў сваіх выступах кандыдаты-дэмакраты: Хоміч, Міхалевіч, Трусаў, Кавалькова, Старавойтаў, Губарэвіч і многія іншыя. Сэрца радавалася, што ёсьць сапраўдныя беларусы, якія душой і сэрцам хварэюць за родную Беларусь. Вельмі хацелася, каб менавіта яны сталі асновай беларускага парлямэнту. На жаль, адбылося ўсё зусім па-іншаму. Пераможцамі абвешчаныя тыя, хто зручны ўладзе і не адважваецца гаварыць праўду».

Так, спадар Анатоль, тая аўтарытарная сыстэма ўлады, якая створана і дзейнічае ў сёньняшняй Беларусі, не прадугледжвае існаваньня самастойнага незалежнага парлямэнту. Палата прадстаўнікоў у яе цяперашнім выглядзе — толькі дэкарацыя, фікцыя, своеасаблівы аддзел Адміністрацыі прэзыдэнта, які паслухмяна паднімае рукі за любую прапанову, якая паходзіць адтуль — якой бы супярэчлівай ці нават абсурднай тая прапанова ні была. Для сыстэмы кіраваньня такі, так бы мовіць, «парлямэнт» не патрэбен увогуле. Гэта як пятае кола ў брычцы. Чыноўнікі ператварылі яго ў своеасаблівую сынэкуру для сябе і сваіх набліжаных. Напрыклад, вельмі выгодным лічыцца пазасядаць у Палаце перад самай пэнсіяй: тады пэнсія будзе міністэрская, разоў у пяць вышэйшая, чым у звычайнага грамадзяніна, які сорак гадоў адпрацаваў на заводзе ці ў калгасе...

Пра вясковыя навіны і клопаты распавядае ў сваім новым лісьце на Свабоду наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

«У нашым калгасе адзін легкадумны трактарыст падпаліў закосы саломы. Агонь разгарэўся так, што перакінуўся праз канал на іншае поле. Зь цяжкасьцю ўдалося пагасіць. Я вельмі перажываў: магла згарэць уся мая сачавіца — кіляграмаў 20. Застаўся б я тады без спажытку.

Восень у нас тут цёплая, стаіць сьпёка, нягледзячы на верасень. Другі раз у гэтым годзе зацьвіла вішня. З агнём у такую пару трэба быць вельмі асьцярожным.

Людзі выжываюць як хто можа. Працы амаль няма. Дык многія мясцовыя жыхары зарабляюць на блізкасьці ўкраінскай мяжы.

Людзі выжываюць як хто можа. Працы амаль няма. Дык многія мясцовыя жыхары зарабляюць на блізкасьці ўкраінскай мяжы: рэгіструюць машыны знаёмым з Валыні, перавозяць празь мяжу гарэлку, веласіпеды і гэтак далей... Карацей кажучы, зарабляюць любым шляхам.

Яшчэ адно здарэньне, пра якое ў нас многа гавораць. Адзін малочны завод перад першым верасьня выліў у каналізацыю 40 тон малака і вывез на звалку цэлы самазвал сыру. Нібыта нейкую небясьпечную бактэрыю там выявілі. Дык сусед прывёз таго сыру кіляграмаў трыццаць. Куры і кураняты елі з задавальненьнем. Людзей такое стаўленьне да харчоў зьдзіўляе і абурае. Няўжо нельга выкарыстаць гэтыя харчы на корм жывёле — напрыклад, на сьвінакомплексах ці птушкафабрыках? А пры такім марнатраўстве хіба можна стаць заможнымі?».

З сапсаванымі ці няякаснымі харчамі жарты кепскія, спадар Павал. У гэтай справе ўсё ж варта давяраць адмыслоўцам і ня трэба празьмерна захапляцца эканоміяй. Навучаныя шматлікімі эпідэміямі, ад якіх апошнім часам сур’ёзна пацярпела жывёлагадоўля, чыноўнікі ды кіраўнікі прадпрыемстваў, можа, і слушна робяць, што не накіроўваюць небясьпечныя харчы на перапрацоўку ці на корм жывёле.

____________________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by