У Горадні ёсьць «польская» школа, але няма «беларускай». І пакуль не прадбачыцца

Школьнікі

Дакладная лічба беларускага школьніцтва ў Горадні невядомая — прыкладна каля 50 чалавек. Прыкметаў яго пашырэньня пакуль не назіраецца.

Удакладніць колькасьць школьнікаў у Горадні, якія навучаюцца на беларускай мове, аказалася немагчыма. Чыноўнікі і аддзелу адукацыі гарвыканкаму, і ўпраўленьня адукацыі аблвыканкаму паставіліся да маёй цікавасьці вельмі насьцярожана.

Адказы гучалі прыкладна так: ня маем часу, пакуль ня маем дадзеных, трэба, каб на такую інфармацыю дало дазвол начальства... У выніку «таямніцу» так і не ўдалося раскрыць праз афіцыйныя органы, якія непасрэдна гэтым займаюцца.

Прыкладную лічбу вучняў, якія займаюцца на беларускай мове, назваў старшыня Таварыства беларускай мовы — Алесь Крой. Паводле яго, сёлета ў школах Горадні на беларускай мове навучаецца блізу 50 вучняў. Гэта школы № 32 і № 34, а таксама гімназіі № 7 і 10. Лічба не зусім дакладная, бо ў некаторых школах яму таксама не ўдалося атрымаць пэўныя зьвесткі.

Алесь Крой

З Алесем Кроем гутарым наконт пашырэньня колькасьці беларускага школьніцтва, і аптымізму ў ягоным голасе няма. Паводле яго, перашкодаў тут шмат, і адна з асноўных — тая, што ў краіне няма вышэйшай адукацыі на беларускай мове.

Заўважаю, што ў польскую школу ніхто не агітуе — а ў Горадні, каб аддаць сваіх дзяцей туды, бацькі, прычым і беларусы ў тым ліку, стаялі ў чарзе ўсю ноч. Алесь Крой кажа, што за гэтым крыецца эканамічны чыньнік:

— Беларусы сунуцца туды, дзе выгодна. Польшча пад бокам, там значна лепшая эканамічная сытуацыя, вось і імкнуцца прапхнуць сваіх дзяцей, каб лепш уладкаваць. Нават з нашых школаў усе лепшыя вучні імкнуцца зьехаць за мяжу вучыцца, каб потым лепш уладкавацца.

А наагул, паводле Кроя, гэтую праблему трэба дасьледаваць больш падрабязна, навукова. Ён сам, маўляў, ня мае на гэта поўнага адказу.

У адной з гарадзенскіх школаў размаўляю з настаўніцай беларускай мовы і дырэктарам пра беларускае навучаньне, пра тое, чаму бацькі не падаюць заяваў, каб дзеці навучаліся па-беларуску.

Настаўніца беларускай мовы тлумачыць усё проста:

— Дзяржава ў гэтым не зацікаўленая, нічога дзеля пашырэньня беларускамоўнай адукацыі ня робіцца. Мушу прызнаць, што ўжо цяпер частка дзяцей наагул не разумеюць па-беларуску. Сама агітаваць бацькоў я таксама не магу, бо так можна і працу страціць, а мне да пэнсіі недалёка.

Дырэктар кажа як адміністратар:

— Вядома, у гэтым пытаньні патрэбная дзяржаўная падтрымка. Вышэйшая адукацыя павінна быць таксама па-беларуску, прэзыдэнт павінен выступаць на роднай мове, каб бацькі чулі і бачылі, што так будзе і што ня трэба баяцца аддаваць дзяцей у беларускія клясы. Але ж гэтага нічога няма, нават намёку ніякага няма. А нам жа было б проста дастаткова, каб быў загад з гарана, тады б усё памянялася. Былі ж беларускія школы, і ніякіх праблемаў з гэтым ніхто ня меў.

Размаўляю на вуліцы зь мінакамі і цікаўлюся: ці іхнія дзеці вучацца ў беларускай школе?

Жанчына сярэдніх гадоў:

— Я сама беларуска, і сканчала нават беларускую школу. І што толку з маёй адукацыі? Ва ўнівэрсытэце нідзе і не заікнулася па-беларуску. А яны дзе будуць далей вучыцца? І што далей з гэтым мае дзеці будуць рабіць, калі скончаць школу па-беларуску? У крамах кнігі прадаюць толькі па-расейску, у тэлебачаньні гавораць па-расейску, усюды справаводзтва вядзецца па-расейску... Не, я ня супраць нашае мовы, але так ужо прынята, што паўсюль трэба па-расейску.

Мужчына сярэдняга веку таксама сур’ёзна паставіўся да пытаньня і, трохі задумаўшыся, адказвае:

— Бачыце, мае дзеці вывучаюць толькі прадметы — мову і літаратуру, і я заўважаю, што гэтага зусім недастаткова. Слабыя ў іх веды, і пісьменьнікаў ня ведаюць беларускіх. Гэта каб усе вучыліся па-беларуску, то я быў бы ня супраць. А так школы ў нас толькі расейскія. Сам ніколі не дадумваўся, каб напісаць заяву, дый у школе на сходах ніколі ніхто не прапаноўваў.

Ігар Кузьмініч — бацька дваіх дзетак, якія навучаюцца па-беларуску. Паводле яго, дзеці вучацца паводле адмысловых плянаў і маюць шэраг перавагаў перад дзецьмі, які вучацца толькі па-расейску.

Ігар Кузьмініч

— Акрамя таго, што мае дзеці асноўныя прадметы вывучаюць адны ў клясе і лепш валодаюць прадметамі, яны выдатна засвойваюць дзьве мовы, пашыраюць кругагляд і выгодна адрозьніваюцца ад сваіх аднагодак.

А чаму іншыя бацькі не аддаюць сваіх дзетак у беларускія клясы? Кузьмініч як прычыну называе ня толькі праблемы, зьвязаныя з будучай адукацыяй, але і тыя, якія крыюцца ў мінулым.

— Пераважная большасьць бацькоў, якія аддаюць сёньня сваіх дзетак у расейскія клясы, самі ў камуністычныя часы прайшлі праз тое, калі зь іх беларускую мову папросту вынішчалі. Яны прайшлі і праз насьмешкі, і празь зьдзекі, і цяпер баяцца, каб гэтага ня здарылася зь іхнімі дзецьмі. Ясна, што сытуацыя цяпер зьмянілася, але гэтыя людзі на ўсё жыцьцё засталіся траўмаваныя. Патрэбная добрая асабістая адукацыя, каб разумець і ганарыцца сваім родным, асабліва мовай. А яшчэ, як правіла, нашы людзі прывыклі падпарадкоўвацца дзяржаве, а ад яе яны чулі, што на беларускай мове нельга сказаць нічога вялікага, што расейская мова для нас родная, а на беларускай проста гаварылі нашы бабулькі. Ад гэтага ня так проста пазбавіцца.

На гэтым тыдні школа з польскай мовай навучаньня ў Горадні адзначае сваё 20-годзьдзе. Сёлета бацькі першаклясьнікаў з усяго гораду займалі чэргі і чакалі ўсю ноч, каб першымі падаць заяўкі — вучыць сваіх дзяцей па-польску. У гэтых чэргах, акрамя палякаў, стаялі і беларусы, і расейцы.

Старшыня непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Мечыслаў Яськевіч кажа, што ахвотных навучацца па-польску ў Горадні значна болей, чым можа задаволіць адзіная школа. Але ўлады ніяк не рэагуюць на заявы гараджан і не адкрываюць яшчэ хоць адну школу.

Я цікаўлюся ў Яськевіча — чаму, на ягоную думку, беларусы не дамагаюцца адкрыцьця беларускай школы ў Горадні?

Мечыслаў Яськевіч

— Ня думаю, што ўсе беларусы ў Горадні ня хочуць, каб былі беларускія школы. Мне наагул цяжка нешта адказаць. Але разумею толькі адно, што ніхто за беларусаў гэтага ня зробіць, калі яны самі гэтага не дамогуцца.