Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усяго трое школьнікаў у Магілёве будуць вучыцца па-беларуску


У магілёўскай школе № 34 сфармаваная кляса зь беларускай мовай навучаньня. У ёй дзьве вучаніцы — Тацяна Турандзіна і Эвэліна Самойленка. Кіраўніцтва навучальнай установы адкрыцьцё малакамплектнай беларускамоўнай клясы лічыць добрым вынікам інфармацыйнай працы і заяўляе, што працягне пошук вучняў. Той жа думкі трымаюцца бацькі, якія наважыліся аддаць сваіх дзяцей у беларускую клясу. Тым часам працягне вучыцца адна ў сёмай клясе першай магілёўскай школы Ялінка Салаўёва. Для яе бацькі не знайшлі аднаклясьнікаў.

У гімназіі не было варыянтаў з мовай навучаньня — толькі расейская

Галіна, маці Тацяны Турандзінай, кажа: дзьве вучаніцы ў клясе лепей, чым адна. Калі не было пэўнасьці з вучобай на беларускай мове, Галіна дачку зьбіралася аддаць у гімназію. Там нават не было варыянтаў, на якой мове вучыцца — толькі на расейскай. «Калі даведалася, што беларуская кляса будзе, то дакумэнты з гімназіі забрала», — кажа Галіна.

«Тэму вучобы з дачкой асабліва не абмяркоўвалі. Калі ж нас запрасілі ў школу, каб пэдагогі вызначылі, ці гатовая Таццяна да школы, то дачка заявіла ім, што ня супраць вучыцца і адна. Я дужа хвалявалася на гэтым сумоўі, але Тацяна гэтымі словамі мяне падтрымала. Настаўнікі зьдзівіліся пазыцыі дачкі», — кажа маці першаклясьніцы.

Тацяна Турандзіна — вучаніца беларускай клясы
Тацяна Турандзіна — вучаніца беларускай клясы

Галіна лічыць, што клясу адкрылі ў 34 школе дзякуючы пазыцыі яе дырэктара Ігара Якіменкі.

«Дзякуючы ягонаму крэатыву ды настойлівасьці і выйшла сфармаваць клясу, — кажа яна. — Паглядзім, як будзе далей, але ягоная цяперашняя пазыцыя мне падабаецца».

Адзначыла суразмоўніца і высілкі актывістаў Таварыства беларускай мовы. Іх руплівасьць, заўважыла яна, дазволіла правесьці пры канцы траўня «круглы стол», на якім абмяркоўвалі пытаньні беларускамоўнай адукацыі, і гэтае абмеркаваньне дало плён.

«Мясцовая ўлада не заставалася ўбаку, — кажа Галіна. — На згаданым абмеркаваньні чыноўнікі не ўспрымалі беларускую адукацыю варожа, а наадварот, падкрэсьлівалі гатоўнасьць спрыяць яе адраджэньню. Гучалі заклікі да шырэйшага ўжываньня беларускай мовы».

Тым ня менш інфармаваньнем бацькоў пра намеры адкрыць беларускія клясы суразмоўніца не задаволеная. На яе думку, абвесткі трэба было вывешваць на ўваходных дзьвярах, а не на інфармацыйных стэндах у фае школ. «Да стэндаў асабліва бацькі і не падыходзяць», — сказала яна.

Акрамя таго, інфармаваньне павінна было пачацца задоўга да летніх канікулаў.

Маці першаклясьніцы Галіна Турандзіна
Маці першаклясьніцы Галіна Турандзіна

«Пачалося ж яно ўлетку, калі бацькі ўжо вызначыліся, куды будуць аддаваць дзяцей. У мяне ў самой, як я казала, было два варыянты, але я спынілася на беларускай клясе. Мяне цяпер упікаюць, навошта аддавала дачку ў гэтую клясу, ці варта ладзіць экспэрымэнт над дзіцём. Я ж трымаюся пазыцыі: нехта мусіць пачынаць. Калі ніхто не наважыцца на такі ўчынак, то гэтак і будзе панаваць расейскамоўная адукацыя ў Беларусі».

Чым мы горшыя за іншых? У нас свая мова

Ганна, маці Эвэліны Самойленкі, тлумачачы, чаму наважылася аддаць дачку ў клясу зь беларускай мовай навучаньня, сказала: калі няма мовы, то няма і народу.

«Беларусаў засталося няшмат, 9 мільёнаў, і мова не захоўваецца. Крыўдна! Яе трэба берагчы», — сказала Ганна Самойленка.

Школа, у якой сфармавалі беларускія клясы
Школа, у якой сфармавалі беларускія клясы

Пасьля працяглага перапынку суразмоўніца пабывала ва Ўкраіне, і яе ўразіла, што тамтэйшая моладзь гаворыць па-ўкраінску.

«Яны не саромеліся гаварыць. Сябе гэтым паважалі. А чым мы горшыя за іх? Чаму мы павінны забыць сваю мову? Зразумела, што дачцэ будзе няпроста вучыцца ў клясе, у якой жменька вучняў. Але падыход да вучняў будзе індывідуальны, а значыць, і адукацыя больш якасная», — сказала Ганна.

Вынік нармальны — не нулявы

Дырэктар 34 школы Ігар Якіменка сказаў: ніякай сэнсацыі ў зьяўленьні клясы зь беларускай мовай навучаньня няма. «Гэта вынік карпатлівай працы», — дадаў ён.

Суразмоўца не пагадзіўся зь меркаваньнем, што кляса зь дзьвюма вучаніцамі — сьведчаньне недаверу магілёўцаў да беларускамоўнага навучаньня.

Ігар Якіменка
Ігар Якіменка

«На факце такога характару засяроджвацца ня варта. Трэба найперш паглядзець на сябе: наколькі мы гатовыя да гэтага? Вынік нармальны, не нулявы. Са студзеня праводзілі тлумачальную працу. Зь людзьмі кантактавалі, настрой падтрымлівалі. Нарады былі на ўзроўні гарвыканкаму з прысутнасьцю прадстаўніка аблвыканкаму. Лічу, што кожны, хто ўзяў на сябе абавязкі, павінен сумленна і ахайна іх выконваць. Праца яшчэ ня скончаная. Прыходзьце 1 верасьня, самі ўсё пабачыце», — сказаў дырэктар школы № 34 Ігар Якіменка.

Чакаем сяброў!

Клясу зь беларускай мовай навучаньня гатовыя былі адчыніць і ў першай магілёўскай школе. У адміністрацыі высьветліць, ці знайшліся ахвотнікі вучыцца па-беларуску, не ўдалося. Ва ўпраўленьні адукацыі гарвыканкаму адказалі, што зьвестак пра адкрыцьцё беларускай клясы ў іх няма.

Ялінка Салаўёва з маці Надзеяй
Ялінка Салаўёва з маці Надзеяй

У першай школе адвучылася па-беларуску шэсьць год Ялінка Салаўёва. Сёлета яна пойдзе ў сёмую клясу. Як і ў ранейшыя гады, Ялінка дапамагала ўлетку бацькам расклейваць абвесткі, каб знайсьці сябе аднаклясьнікаў.

«Ня трэба баяцца, што ўсе дысцыпліны выкладаюцца па-беларуску: авалодаеце яшчэ адной мовай, а пасьля і замежныя пойдуць хутчэй і лягчэй. Зрабіце сабе добры патэнцыял на далейшае жыцьцё ў прафэсіі... Маем добрыя стасункі з адміністрацыяй школы. Знаходзім кампраміс у бягучых працоўных пытаньнях. Чакаем сяброў! Прыходзьце і атрымайце якасныя веды!», — зьвярталася да бацькоў са сваёй старонкі ў Фэйсбуку маці першаклясьніцы — Надзея Салаўёва.

Ялінка Салаўёва на беларускамоўі вырасла. Цяпер не баіцца нават ільвоў
Ялінка Салаўёва на беларускамоўі вырасла. Цяпер не баіцца нават ільвоў

Яна кажа, што дачка за час вучобы ўжо звыкла да самотніцтва ў клясе.

«Нас крыху прызабылі сёлета. Абвесткі распаўсюджвалі толькі пра набор у першыя клясы, а мы апынуліся па-за ўвагаю. Ялінка чакае школы і новых прадметаў. Нават крыху занудзілася апошнія тыдні. Прынесла ўжо падручнікі са школы», — дадае Надзея.

На ейную думку, адміністрацыі школ ня супраць беларускіх клясаў, але маюць занадта абмежаваныя паўнамоцтвы, каб адкрываць іх самастойна.

Бацькі баяцца аддаваць дзяцей у беларускія клясы

«Структуры ўлады ня прагнуць гэтага. Хаця апошнім часам і адчуваюцца зьмены пазыцыі, аднак пакуль такія патугі ня шчырыя — церазь сілу. Шмат праблемаў і перашкодаў з адраджэньнем беларускамоўнага школьніцтва. Чыноўнікам гэтага ня трэба. Няма спрыяньня, няма падтрымкі. А іншым разам, наадварот, прыціскаюцца ініцыятывы такога кшталту. Беларускамоўе ўспрымаецца чыноўнікамі як дзівацтва. Некаторыя нават, калі да іх прыходзіш, сьмяюцца зь беларускай мовы. Упікаюць ёю», — выказвае сваё бачаньне сытуацыі зь беларускім школьніцтвам Надзея Салаўёва.

За карпатлівым пошукаў аднаклясьнікаў. Ялінка дапамагае бацькам расклейваць улёткі
За карпатлівым пошукаў аднаклясьнікаў. Ялінка дапамагае бацькам расклейваць улёткі

«Дый самі людзі, магілёўцы, ня хочуць аддаваць дзяцей у беларускія клясы, — дадае суразмоўніца. — Кожны называе свае прычыны. Для многіх пакуль беларуская мова ўспрымаецца як замежная. Таму і баяцца аддаваць. Як на маю думку, дык яны не разумеюць, што ў малой клясе навучаньне больш якаснае, чым у вялікай».

Магілёўскія актывісты Таварыства беларускай мовы некалькі тыдняў расклейвалі ў кожным раёне гораду абвесткі пра адкрыцьцё беларускіх клясаў. Такія самыя абвесткі вывешваліся ў бальшыні школ. Мясцовае тэлебачаньне паказала фільм пра беларускамоўнае навучаньне ў школах.

Чаму рупліўцы беларушчыны не аддаюць сваіх дзяцей у беларускія клясы?

«З аднаго боку, вынік нармальны, бо ёсьць хоць адна беларуская кляса. Зь іншага боку — гэта паказвае, наколькі Магілёў прасякнуты русыфікацыяй. І вельмі сумна, што з такімі намаганьнямі нам давялося такога выніку дасягаць. Хаця ў нашых умовах і адна кляса з двума вучнямі — няблага», — камэнтуе сытуацыю лідэр магілёўскіх ТБМаўцаў Алег Дзьячкоў.

Алег Дзьячкоў. Акцыя ТБМ — расклейваньне ўлётак са зьвесткамі пра беларускія клясы
Алег Дзьячкоў. Акцыя ТБМ — расклейваньне ўлётак са зьвесткамі пра беларускія клясы

Актывіст не хавае, што для яго незразумела, чаму тыя, хто пазыцыянуе сябе рупліўцамі беларушчыны, аддаюць сваіх дзяцей у клясы з расейскай мовай навучаньня.

«ТБМаўцы, фронтаўцы, гісторыкі любяць разважаць на тэму беларускай мовы і яе стану. Цьвердзяць, што беларускамоўная адукацыя павінна быць, але іхныя дзеці і ўнукі — у расейскамоўных клясах, — абураецца Алег Дзьячкоў. — Дзьве спадарыні наважыліся ўсё ж такі аддаць дзяцей у беларускую клясу. Яны не ўваходзяць ні ў якія арганізацыі, але па ўсім відаць, што яны прыхільнікі беларушчыны. Яны адданыя ідэі, што беларускія дзеці павінны вучыцца ў Беларусі па-беларуску».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG