Іван Лучыц-Федарэц, ідэальны славянін

Слова «славянский» выклікае ў мяне падозраньне. Бясспрэчна, ёсьць славянскія мовы — гэта агульнапрыняты лінгвістычны тэрмін. Ёсьць славянскія старажытнасьці — артэфакты і зьявы, якія адносяцца да нейкай далёкай цьмянай эпохі, калі славянскія плямёны яшчэ не аформіліся ў асобныя этнічныя фармаваньні з сваімі назвамі.

Больш нічога славянскага няма і быць ня можа. Усё астатняе — «славянскія шпалеры», «асобы славянскай зьнешнасьці», «славянская душа», «славянская еднасьць» — гэта або рэцыдывы даўно здадзенай ў архіў ідэі панславізму ХІХ стагодзьдзя, або выпладні расейскай прапаганды.

Але ўчора ўвечары я падумаў пра славянаў і славянства бяз хмурых броваў і ідэалягічных асацыяцыяў. Прыйшла сумная вестка — памёр мовазнавец Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц. Чалавек сапраўднай славянскай душы, славянскай еднасьці і славянскага сьвету, які адышоў у нейкае прыгожае і вечнае славянскае тагасьвецьце.

Лаўлю сябе на тым, што не магу сабе ўявіць Івана Іванавіча бяз простай і шчырай усьмешкі. Такое ўражаньне, што яна ніколі не сыходзіла зь ягонага твару. Гэта быў хіба што самы сьветлы чалавек ва ўсім беларускім акадэмічным мовазнаўстве.

Іван Лучыц-Федарэц на Этымалягічным сымпозіюме ў Брне, 7.09.2005

Ягонымі дзялянкамі былі дыялекталёгія і этымалёгія. Ён дасьледаваў разнастайнасьць беларускага моўнага сьвету і ўпісанасьць беларускай мовы ў шырэйшы цывілізацыйны кантэкст, карацей — шукаў хто мы і дзе мы.

Варта зазірнуць у Этымалягічны слоўнік беларускай мовы і прачытаць любы артыкул, складзены Іванам Іванавічам, каб адчуць нешта пракаветна-настальгічнае:

Камы ’бульбяная каша’ (Мядзв., Янк., Малч., Гарэц.; шкл., Мат. АС; горац., КЭС; докш., Янк. Мат.; полац., Янк. 2; паўд.-усх., КЭС; ТСБМ, Мат. Гом.; Серб., Бяльк.); ’бульбяная каша з гарохам ці бобам’ (свісл., Шатал.; полац., Нар. сл.; ашм., швянч., глыб., віл., паст., Сл. паўн.-зах.). ’клёцкі з бульбы або з гароху’ (Др.-Падб.); ’каша з бобу ці гароху’ (швянч., Сл. паўн.-зах.; Нік. Очерки; Мат. Гом.); ’пюрэ канаплянае’ (Мат. Гом), ’каша з льнянога семя’ (барыс., Сл. паўн.-зах.); ’талакно’ (даўг., Сл. паўн.-зах.); ’клёцкі, начыненыя мясам’ (рас., в.-дзвін.), ’бульбяная каша, змешаная з тоўчаным макам’ (Грыг., Маш.); ’цвёрдае цеста з аўсянай або гарохавай мукі, скачанае ў шарыкі, зваранае ў вадзе’ (в.-дзвін., КЭС); ’гарохавы суп’ (Жд. 3), ’густое цеста ў камах’ (Нас.), ’клёцкі з цёртай бульбы’ (в.-дзвін., Нар. сл.). Балтызм. Параўн. Лат. kami ’тоўчаны, вараны гарох, скачаны ў галкі’ (Блесэ, SB, 5, 22-23). Другое значэнне лат. kams ’ком, камяк’ таксама праглядваецца ў семантыцы бел. кáмы...

Паводле нейкай тэрміналягічнай іроніі, сёньняшнія носьбіты «славянскай зьнешнасьці», «славянскай душы» і змагары за «адзіны славянскі народ» часта гавораць толькі на адной канкрэтнай славянскай мове і прынцыпова не разумеюць некаторыя іншыя, блізкія, ня менш славянскія, але паводле іх — «выдуманыя ў аўстрыйскім генштабе».

А Іван Іванавіч сваім мяккім ціхім голасам гаварыў бадай што на ўсіх славянскіх мовах — у ягонай падачы сусьветнае славянства сапраўды падавалася нейкім утульным родным домам, дзе няма месца нянавісьці, войнам і змаганьню за гегемонію. І з гэтага дому ён бачыў усіх іншых як добрых суседзяў — не чужыя былі яму і латыская, і літоўская. Народжаны ў адным з самых таямнічых куткоў славянскага сьвету — у Заходнім Палесьсі, ля вялікага Балота, зь якога, магчыма, у нейкай сівой недагляднай даўніне і выйшлі ўсе славянскія плямёны, ён застанецца для мяне вобразам ідэальнага славянства — шчырым, добрым і спагадным.