У 10 надзвычайных здарэньнях, што адбыліся на будаўніцтве БелАЭС пад Астраўцом, загінулі 3 чалавекі, распавёў пасьля другога раўнду беларуска-літоўскіх кансультацыяў па АЭС намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. Такім чынам ён абверг чуткі пра нібыта 10 загінулых, перадае БелаПАН.
«У адным выпадку стопаршчык не замацаваў груз — балён — як належыць. Адзін няшчасны выпадак зьвязаны з асабістай неасьцярожнасьцю пацярпелага — сыходзіў зь лесьвіцы, пасьлізнуўся, зваліўся і, на жаль, атрымаў сьмяротную траўму. А трэці выпадак — гэта падзеньне з вышыні, калі рабочы не прышпіліўся страховачным поясам, хоць пояс у яго быў», — сказаў Міхадзюк.
Раней было вядома толькі пра аднаго загінулага на будоўлі БелАЭС. Пра інцыдэнты на будоўлі АЭС улады паведамлялі неахвотна, толькі пасьля публікацыяў у прэсе і міжнароднага ціску.
Самым сур’ёзным з інцыдэнтаў лічыцца падзеньне корпусу рэактара. Беларускі бок нібыта пастанавіў замяніць пашкоджаны корпус, але расейскі бок пакуль не паведамляў пра аналягічнае рашэньне.
Таксама ўлады ня згадвалі пра экспэртызу 1993 году, якая прызнала пляцоўку Астравецкай АЭС самай небясьпечнай з магчымых у Беларусі.
Міхадзюк жа кажа, што колькасьць інцыдэнтаў і загінулых на будоўлі БелАЭС «прымальная» з улікам таго, што на будоўлі працуюць больш за 5000 працаўнікоў, перадае Tut.by. Ён дадае, што пры невялікіх парушэньнях на будоўлі вінаваты атрымлівае «жоўтую картку», а пры сур’ёзных, як адсутнасьць каскі, — адразу «чырвоную картку» і выдаляецца з будоўлі.