Цэзію праз 17 гадоў паменела, але ён ня зьнік

У 1999 годзе пасьля чарговага інтэрвію з прафэсарам Васілём Несьцярэнкам у «Белрадзе» ён прапанаваў мне памераць наяўнасьць радыеактыўнага цэзію-137 у арганізьме.

Вынік таго замеру — 11,93 бэкерэля на кіляграм.



Васіль Несьцярэнка сказаў, што гэта невялікая лічба, але для гарадзкога жыхара ўсё ж замнога. І параіў прымаць пэктынавы прэпарат, які выводзіць радыяцыю, а потым зноў памерацца.

«Пэктын» я набыў у інстытуце. Круглыя, сьветла-карычневыя таблеткі трэба было распушчаць у шклянцы вады і штодня піць перад ежай. Але цярпеньня на ўвесь курс не хапіла, прэпараты, дарэчы, былі не такія ўжо танныя. Я вырашыў, што проста буду ўжываць больш яблыкаў. І вымяраць цэзій паўторна тады не пайшоў.

Сучасны пэктынавы прэпарат, які можна набыць у «Белрадзе»


І вось праз 17 гадоў у «Белрадзе» зноў замераў свой цэзій — 7,40 бэкерэля на кіляграм. То бок гэта зноў можна лічыць добрым вынікам, бо бясьпечнай лічыцца доза да 20 бэкерэля на кіляграм.


«Канечне, чым меней, тым лепш. У норме яго наогул не павінна быць. Лепш яго не мець. Але для беларусаў хоць, каб да 20-ці было», — патлумачылі ў «Белрадзе».



Дык што, аптымістычны вынік — за 17 гадоў цэзію ў маім целе стала меней на 4,53 бэкерэля на кіляграм? У «Белрадзе» лічаць некарэктным такое супастаўленьне лічбаў. Насамрэч цэзій можа хутка назапашвацца і выводзіцца з арганізма. За два-тры месяцы палова гэтага шкоднага элемэнту можа выйсьці з арганізму. Таму звычайна супастаўляюць лічбы замераў праз месяц, праз паўгады. Асабліва назапашваецца цэзій увосень, самыя пікі — кастрычнік і лістапад. Гэта зьвязана з тым, што беларусы актыўна харчуюцца ляснымі дарамі — грыбамі і ягадамі.

Няхай прайшло 30 гадоў, пэрыяд паўраспаду адзін прайшоў. Але ўсё роўна нейкая частка засталася

Цэзій у маім арганізьме паменшыўся, але канчаткова не зьнік. Значыць існуе крыніца цэзію, зь якой я папаўняю свае запасы. У чарнобыльскіх рэгіёнах не бываю, значыць крыніца радыяцыі хаваецца ў харчах. Хаця я набываю ў краме выключна прадукцыю з «чыстых» рэгіёнаў Беларусі, пераважна з Віцебскай і Менскай абласьцей, і ніколі — з Гомельскай ці Магілёўскай. Што тычыцца грыбоў і ягад, то толькі з лясоў Пастаўшчыны і не ў вялікіх колькасьцях.

У «Белрадзе» адзначаюць, што мінімальныя ўзроўні радыяцыі легальна прадаюцца ў крамах. Гэта дапускаецца нормамі радыяцыйнай бясьпекі для кожнага харча. Але калі штодня піць, напрыклад, такое малако, то паступова цэзій назапашваецца.

Да таго ж, як сьведчаць сталыя праблемы з пастаўкамі малочнай прадукцыі ў Расею, нельга быць упэўненым у строгім кантролі за якасьцю. А калі купляць нешта на вуліцы ці на кірмашы, то там кантроль радыяцыі можа і не весьціся.

«Няхай прайшло 30 гадоў, пэрыяд паўраспаду адзін прайшоў. Па Віцебскай вобласьці было ў асноўным да аднаго кюры на квадратны кілямэтар. Няхай цяпер будзе 0,5. Але ўсё роўна нейкая частка засталася. Трэба кантраляваць корм жывёл. Калі ўсё кантраляваць, то можна казаць, што на выхадзе атрымліваецца чыстая прадукцыя. Але ў нас, як правіла, цяжка такога дамагчыся, каб у кожным калгасе гэта ўсё рабілі дастойна. Тым больш у Віцебскай вобласьці, дзе даўно кажуць, што там, маўляў, усё чыста», — патлумачылі ў «Белрадзе».

Апроч цэзію нас забруджвае яшчэ і стронцый, які вымераць пакуль практычна немагчыма. Цяжка ён вымяраецца і ў харчах, у тым жа малацэ. Для вымярэньня на стронцый адну пробу малака трэба рыхтаваць каля 4-5 дзён. Калі на кожным малаказаводзе гэта рабіць, то малако проста сапсуецца і вынік замеру ўжо нікому не спатрэбіцца.

Дзеля таго, каб ачысьціцца ад радыяцыі трэба спажываць чыстую ежу. Менавіта на гэтым была заснаваная маштабная праграма аздараўленчага адпачынку дзяцей з забруджаных рэгіёнаў Беларусі за межамі краіны. Чатыры тыдні «ачысткі» у той жа Нямеччыне, а потым, пасьля вяртаньня на радзіму, зноў назапашваньне.

Група дзяцей з Мазыршчыны падчас адпачынку ў нямецкім Дэтмальдзе ў 1997 годзе


Паводле спэцыялістаў, пераважная бальшыня беларусаў так і ня стала клапаціцца пра сваю абарону ад радыяцыі, якая ня мае ні колеру, ні паху. Гэтая абыякавасьць падмацаваная яшчэ і дзяржавай, якая пашырае вытворчасьць на забруджаных тэрыторыях.

Недзе ў 1998 годзе група сяброў адной зь нямецкіх ініцыятываў, якая займалася адпачынкам беларускіх дзяцей, наведала сваіх партнэраў у Мазыры. Там пастараліся, каб гэты прыезд запомніўся, і зладзілі нават падарожжа па Прыпяці на баржы. Потым была высадка на бераг і юшка. Памятаю, што толькі дзьве жанчыны зь Нямеччыны, якія вельмі добра разьбіраліся ў сытуацыі, не зьелі ні лыжкі той юшкі.

Удзельнікі падарожжа па Прыпяці, другая палова 90-х

Паўраспад. Мой Цэзій-137

Вы — труп?

Журналіст з Магілёва ўпершыню праверыў узровень радыяцыі ў сваім арганізьме

Цэзій, які заўсёды са мною

Цэзій-137. Як Бураўкін не пусьціў мяне ў зону, а Шарэцкі суцяшаў студэнтаў, што радыяцыі няма