«Я ня буду камэнтаваць дэталі расьсьледаваньня, таму што мяркую, што павінны камэнтавацца яго вынікі», — сказаў Арсен Авакаў у інтэрвію тэлеканалу «24».
На пытаньне журналісткі Соні Кошкінай, калі чакаць вынікаў расьсьледаваньня, міністар адказаў:
«Калі сьледзтва ўстановіць тое, што патрэбна ведаць грамадзтву».
Арсен Авакаў таксама ўхіліўся ад прамога адказу на пытаньне, ці могуць быць зьвязаныя паміж сабой забойства Паўла Шарамета і падзеі вакол украінскага тэлеканалу «Інтэр», у будынку якога ў мінулую нядзелю здарыўся пажар.
«Тэарэтычна я магу выказаць здагадку, што наш вораг — імпэрская Расея зь яе дыктатарам Пуціным — ня спыніцца ні перад чым, каб дэстабілізаваць нашу краіну, у тым ліку і праз тэрарыстычныя атакі на ўплывовых журналістаў, на замежнікаў, на праграмы і гэтак далей. І я не выключаю, што ў сытуацыі з забойствам Паўла Шарамета, мы маем менавіта такую сытуацыю», — сказаў міністар унутраных спраў Украіны.
Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў Кіеве ад выбуху аўтамабіля. Паводле папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня, мужчына і жанчына заклалі самаробную выбуховую прыладу пад машыну напярэдадні ўначы. Паліцыя шукае адзінага сьведку, які ў той час праходзіў побач і мог бачыць абодвух падазраваных. Сьледзтва пакуль ня вызначыла іх асобаў.
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны правяло службовую праверку наконт магчымай датычнасьці кіраўніка крымінальнай паліцыі Вадзіма Траяна да незаконнага сачэньня за Паўлам Шараметам напярэдадні яго забойства, але гэты факт не пацьвердзіўся.
2 жніўня Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў паліцыі доступ да банкаўскага сэйфа ў «Ашчадбанку» і да рахунку Паўла Шарамета ў «Альфа-банку». Паліцыя мяркуе, што ў банкаўскіх дакумэнтах можа знаходзіцца інфармацыя, важная для раскрыцьця злачынства і ўстанаўленьня матыву забойства.
2 верасьня кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хація Дэканаідзэ заявіла, што сьледзтва працягвае вывучаць відэазапісы з камэраў назіраньня і дапытваць сьведак, але ня мае вялікага прарыву. У той жа дзень стала вядома, што праваахоўнікі падалі ў Пячэрскі раённы суд Кіева больш як 20 хадайніцтваў — аб дазволах на доступ да тэлефонных размоў Паўла Шарамета, на правядзеньне ператрусу і іншае. Але суд марудзіць зь іх разглядам.