Паведамленьне аб пашырэньні санкцыяў апублікаванае на сайце ўрадавага выданьня Federal Register, рашэньне павінна набыць моц 7 верасьня.
Пад санкцыямі апынуліся, у прыватнасьці, падрадчыкі на будаўніцтве Керчанскага моста. Гэта «СГМ-мост», генэральны падрадчык будаўніцтва і даччынае прадпрыемства кампаніі «Стройгазмонтаж» Аркадзя Ратэнбэрга, а таксама кампанія «Мостотрест», якая выступае як субпадрадчык будаўніцтва. Пад санкцыі патрапіў і замоўца будаўніцтва Керчанскага моста — кампанія «Тамань» Фэдэральнага дарожнага агенцтва.
Упершыню пад санкцыямі ЗША апынуліся і 11 кампаніяў-вытворцаў электронікі, якую магчыма выкарыстоўваць для патрэбаў ваеннай прамысловасьці.
Хваля санкцыяў, прынятых супраць Расеі шэрагам вядучых дзяржаваў сьвету і міжнароднымі арганізацыямі, была выкліканая ваенным умяшаньнем Масквы ва Ўкраіне ў лютым 2014 годзе. З тых часоў ЗША і Эўразьвяз некалькі разоў прымалі антырасейскія санкцыі. Масква адрэагавала антызаходнімі санкцыямі, увёўшы забарону на імпарт прадуктаў харчаваньня з краінаў ЭЗ, ЗША, Нарвэгіі, Канады і Аўстраліі.