Украіна плянуе падпісаць з Беларусьсю дамову пра мяжу да 2020 года

Беларуска-ўкраінская мяжа

Кабінэт міністраў Украіны зацьвердзіў плян захадаў рэалізацыі Канцэпцыі інтэграванага кіраваньня межамі, адпаведна да якога да 2020 года плянуецца падпісаць зь Беларусьсю дамову пра рэжым дзяржаўнай мяжы, супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу ў памежных пытаньнях.

Апроч таго, бліжэйшыя чатыры гады Украіна плянуе завершыць працэдуру дэмаркацыі мяжы з Беларусьсю.

Як тлумачыцца ў абнародаваным сёньня рашэньні ўкраінскага ўраду, такія захады абумоўленыя неабходнасьцю выкананьня абавязацельстваў Украіны ў межах бязьвізавага дыялёгу з Эўрапейскім Зьвязам ды іншых міжнародных абавязацельстваў па забесьпячэньню належнага ўзроўню бясьпекі межаў.

Згодна з плянам захадаў, рыхтуецца таксама падпісаньне двухбаковых пагадненьняў зь іншымі краінамі, зь якімі мяжуе Украіна — з Малдовай, Славаччынай, Вугоршчынай, Румыніяй і Польшчай.

Адпаведна плянаў, Украіна на працягу бліжэйшых двух гадоў мае намер вызначыць мэханізм аднаўленьня кантролю над участкам украінска-расейскай мяжы ў Данецкай ды Луганскай абласьцях і наагул пазначыць на мясцовасьці ўсю лінію межаваньня з Расеяю.

Беларусь і Ўкраіна падпісалі дамову пра дзяржаўную мяжу 12 траўня 1997 года. У тым жа годзе яго ратыфікавала Вярхоўная Рада Ўкраіны. Нацыянальны сход Беларусі выканаў адпаведную працэдуру толькі ў 2010 годзе, і яшчэ праз тры гады пасьля гэтага бакі абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі.

Дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы пачалася з урачыстага адкрыцьця 13 лістапада 2013 года першага памежнага знака ў месцы сыходжаньня дзяржаўных межаў Украіны, Беларусі і Расеі.

30 ліпеня 2014 года ў Чарнігаве ўрады Беларусі і Ўкраіны падпісалі палажэньне пра дэмаркацыю мяжы, агульная працягласьць якой складае 1084,2 кілямэтраў (у межах Чарнігаўскай вобласьці — 227 кілямэтраў).

Сёлета ў красавіку Беларусь прыпыніла працы па дэмаркацыі мяжы на Валыні з-за пратэсту мясцовых жыхароў, якія лічылі, што лінія разьмежаваньня праведзеная няправільна. Паводле Дзяржаўнай памежнай службы, праблемным участкам тады стаў Жыроўскі канал, які адпаведна дамоўленасьцям належыць Беларусі. Мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі ваду з гэтага каналу для прамываньня незаконна здабытага бурштыну.