Фільм стаў скандальным задоўга да прэм’еры. Стужка распавядае пра журналістку, якая самастойна праводзіць сьледзтва катастрофы. Першы трэйлер фільма, які зьявіўся ўвесну, не пакідаў сумневаў, што катастрофа была старанна кімсьці заплянаваная.
У вытворцаў фільма былі складанасьці ўжо падчас кастынгу. Некалькі вядомых актораў пасьля знаёмства са сцэнарам адмовіліся ад здымкаў у фільме. У выніку галоўныя ролі ў «Смаленску» выконваюць малавядомыя акторы. Доўгі час у фільма не было спонсара. Толькі пасьля перамогі кансэрватараў Яраслава Качыньскага, брата загінулага прэзыдэнта, знайшоўся ананімны спонсар і здымкі змаглі завершыцца.
Першапачаткова прэм’ера плянавалася на 15 красавіка, але нечакана была адменена. Як паведамляла польская прэса, гэта было зьвязана з просьбай Качыньскага, старшыні кіроўнай партыі «Права і Справядлівасьць», перамантаваць некаторыя сцэны, якія яму не спадабаліся. Вытворцы фільма тлумачылі, што затрымка зьвязаная зь неабходнасьцю ўнесьці ў фільм новыя сцэны й спэцэфэкты.
Аўтарам фільма зьяўляецца вядомы польскі рэжысёр Антоні Краўзэ. Паводле яго, здымкі стужкі «Смаленск» былі ня толькі сур’ёзным выклікам, але і грамадзянскім абавязкам, паколькі смаленская катастрофа стала самай трагічнай падзеяй у Польшчы пасьля ІІ сусьветнай вайны.
Паводле сацыялягічнага апытаньня, якое праводзілася агенцтвам CBOS, ажно 33% палякаў перакананыя, што смаленская авіякатастрофа была вынікам замаху. 51% апытаных вераць, што падзеньне прэзыдэнцкага Ту-154 было аварыяй, але колькасьць прыхільнікаў гэтай вэрсіі зьмяншаецца.
У кінатэатрах фільм «Смаленск» можна будзе паглядзець ад 9 верасьня.