Тэлеканал АНТ у нядзельным рэпартажы згадаў, што назіральнікі БДІПЧ АБСЭ зьвярталі ўвагу на непразрыстасьць датэрміновага галасаваньня ў Беларусі.
Але «празрыстасьць» датэрміновага галасаваньня ў Беларусі, як сьцьвярджае АНТ, забясьпечваецца штодзённым апячатваньнем скрыняў для галасаваньня з подпісамі сяброў камісіяў і штодзённым абнародаваньнем зьвестак пра колькасьць выдадзеных бюлетэняў.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына гэтыя захады лічыць дастатковымі: яна кажа, што гэта і ёсьць выкананьнем рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ. Паводле яе словаў, калі адмовіцца ад датэрміновага галасаваньня, то можа прагаласаваць толькі 20% выбарцаў. Раней Ярмошына называла датэрміновае галасаваньне «вечным страшыдлам апазыцыі».
На прэзыдэнцкіх выбарах датэрмінова прагаласавалі, паводле афіцыйных зьвестак, 36% выбарцаў, а на мінулых парлямэнцкіх — 26%.
Праваабаронцы зазначаюць, што на датэрміновае галасаваньне нярэдка заганяюць студэнтаў, вайскоўцаў і працаўнікоў заводаў, пагражаючы «наступствамі».
Апазыцыя называе датэрміновае галасаваньне адным з асноўных інструмэнтаў фальсыфікацыяў і выступае супраць некантраляванасьці датэрміновага галасаваньня.