Баранавіцкія апазыцыйныя кандыдаты Мікалай Чарнавус-старэйшы (ПБНФ) і Мікалай Чарнавус-малодшы (АГП) зладзілі пікет зь лёзунгам, скіраваным да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.
«Ярмошына! Прыйшоў Ваш час падманваць нас!» Пад плякатам з такім надпісам адбываўся пікет кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту.
Мікалай Чарнавус-старэйшы лічыць, што выбары будуць на 100% сфальсыфікаванымі.
«Зараз сапраўды пачынаецца яе [Ярмошынай] час. Старшыні камісій і яна будуць завязаныя на тым, каб падтасаваць бюлетэні, — сказаў ён Свабодзе. — Мы ня верым у тое, што выбары пройдуць чэсна».
У той жа час сама Лідзія Ярмошына тыдзень таму казала, што выбары ў Беларусі праходзяць усё больш «цывілізавана».
«Мы праводзім выбары ўсё больш дасканала, яны становяцца ўсё больш цывілізаванымі, — сказала Ярмошына. — Гэта ветлівасьць, памяркоўнасьць да чужога іншадумства».
У Баранавічах утвораныя дзьве выбарчыя акругі. Мікалаі Чарнавусы балятуюцца па розных. Сярод супернікаў Чарнавуса-старэйшага — цяперашняя дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Палітыка. Таксама, на ягонай Баранавіцкай-Заходняй акрузе вылучаюцца кандыдатамі сябра БСДП(Г) Васіль Кармановіч ды сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Шэстак.
На Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе, апроч Чарнавуса-малодшага, зарэгістраваныя кандыдатамі сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Чэслаў Гузоўскі, беспартыйны дырэктар прыватнага прадпрыемства Дзьмітры Аўгуст ды беспартыйная першы прарэктар Баранавіцкага ўнівэрсытэту Тацяна Якубовіч.
Хоць Чарнавус-старэйшы ня верыць у справядлівыя выбары, ён ня будзе зь іх здымацца. Ён мяркуе «ісьці да канца, бо зроблена шмат працы, і людзі потым будуць наракаць, што зьняліся».