«Ёсьць усе шанцы яго расьсьледаваць. Гэтым я абмяжуюся», — сказаў ён у эфіры канала «1 + 1» у нядзелю ўвечары, адказваючы на пытаньне пра прагрэс у расьсьледаваньні забойства.
Як перадае Інтэрфакс, міністар падкрэсьліў, што да расьсьледаваньня гэтага злачынства прыцягнутыя дзьве брыгады сьледчых.
«На жаль, тое відэа, якое трапіла публічна ў сетку, толькі нашкодзіла сьледзтву. Таму сёньня магу сказаць толькі адно: гэта цяжкое, добра сплянаванае забойства», — дадаў Авакаў.
20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева загінуў вядомы журналіст Павал Шарамет. Выбух адбыўся а 7.45, калі Шарамет ехаў у аўтамабілі. Аўтамабіль належаў рэдактарцы сайту «Ўкраінская праўда» Алёне Прытуле, яе самой у машыне не было.
Раней генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што ключавой вэрсіяй забойства Шарамета зьяўляецца помста ў сувязі зь яго прафэсійнай дзейнасьцю.
Луцэнка пазьней сказаў, што ў полі зроку сьледзтва знаходзяцца некалькі чалавек, якія могуць быць датычныя да забойства журналіста. Паводле яго слоў, забойца быў не адзін, «гэта група, і частку гэтай групы мы ўжо бачым на відэа».