Са зьяўленьнем надрукаваных агітацыйных матэрыялаў выбарчая кампанія на Гарадзеншчыне значна ажывілася. Праўда, агітацыйныя матэрыялы дагэтуль маюць ня ўсе кандыдаты.
Кіраўнік абласной структуры БХД Мікола Баўсюк, які балятуецца ў Горадні, на пікет у мікрараёне «Дзевятоўка» стаў а 9-й раніцы. Кажа, што людзей у гэты час праходзіць шмат, і практычна кожны бярэ ўлётку.
Паводле яго, на гэтых выбарах людзі сьмялей падыходзяць да пікетаў. І хоць большасьць кажуць, што ня вераць у выбары, але цікавяцца, што ім прапануюць людзі пад бел-чырвона-белым сьцягам.
— Пытаюцца, шмат распавядаюць пра свае праблемы. Раней рабочыя ЖКГ у камізэльках баяліся падыходзіць да пікета зь бел-чырвона-белым сьцягам, каб іх у чым не западозрылі. А цяпер многія стаяць і падрабязна вывучаюць, што напісана на нашых стэндах.
Сябра ініцыятыўнай групы Баўсюка, спадар Віктар кажа, што на рэфэрэндуме 1995 году галасаваў супраць бел-чырвона-белага сьцяга:
— Я ня ведаю, ці замалю свае грахі цяпер перад гэтым сьцягам. Але прызнаюся чэсна, што ў той час нічога ня ведаў ні пра гісторыю Беларусі, ні пра наш сьцяг і герб, а галасаваў, як цёмны крот. Зрэшты, тады многія людзі без усякага паняцьця аддавалі свае галасы на рэфэрэндуме. Але час усіх нас лечыць. Вельмі з многімі людзьмі цяпер на пікетах размаўляю пра наш сьцяг, і многія цяпер мне кажуць тое самае, да чаго і я прыйшоў. Многія людзі за гэты час зьмянілі свае погляды на нашу гісторыю і сымбалі. Але, на жаль, яшчэ многія так і не дайшлі да яе...
Ірына Давідовіч ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая балятуецца па Івейскім, Воранаўскім і Ашмянскім раёнах, распавяла, што езьдзіць па вёсках і раздае свае ўлёткі.
— Здавалася б, бабулькі капаюць бульбу, а потым бачаць, што нехта падыходзіць да хаты — бягуць з поля, цікавяцца. А калі даведваюцца, што кандыдат, то такія доўгія размовы пачынаюцца пра наша жыцьцё... Я прыяжджаю дахаты, калі ўжо сьцямнее, але ніколі ў жыцьці не адчувала такой сатысфакцыі ад гутаркі з нашымі простымі вясковымі людзьмі. У адной вёсцы пэнсіянэрка распавяла, што раней працавала ва ўчастковай камісіі і бачыла, як фальсыфікуюцца выбары. І ўсе на вёсцы кажуць, што за Лукашэнку ніхто не галасаваў, а па выніках выходзіць, што 90% за яго. І цяпер людзі мне кажуць, што падтрымаюць мяне, але ў вынікі выбараў ніхто ня верыць...
У Слоніме сябра БХД Алесь Масюк распавёў, што са зьяўленьнем друкаваных матэрыялаў кампанія ажывілася, але часу на агітацыю засталося няшмат. Людзі заўсёды бяруць улёткі, ніхто ніколі не абражае, але пэсымізм выбаршчыкаў псуе настрой.
— Пераважная большасьць людзей пэсымістычна глядзяць на вынікі выбараў, ніхто ня верыць, што галасы падлічаць такім чынам, як людзі прагаласавалі. Нават старэйшыя людзі пажадаюць посьпехаў, а потым скажуць, што ўсё ж нічога не атрымаецца, бо ўлада палічыць так, як ёй захочацца. І ніякіх аргумэнтаў на гэтыя словы няма, бо насамрэч выбараў у нас няма ўжо дваццаць гадоў, а тое, што адбываецца, — фарс.
Сяргей Мякека вылучыўся ад руху «Гавары праўду», гэта ягоная першая выбарчая кампанія. Зарэгістравалі яго толькі праз суд, бо камісія насуперак закону пры падачы дакумэнтаў патрабавала, каб ён заверыў пячаткай копію працоўнай кніжкі.
Мякека — адзіны ў горадзе кандыдат, які выходзіць на пікет пад трыма сьцягамі адразу: бел-чырвона-белым, чырвона-зялёным і сьцягам кампаніі «Гавары праўду».
— Пасьля рэфэрэндуму 1995 году наш народ падзялілі на дзьве часткі. І адна зь іх жыве пад бел-чырвона-белым, а другая пад чырвона-зялёным. І я выстаўляю гэтыя сьцягі побач, як пазыцыю «Гавары праўду» — мы хочам аб’яднаць наш народ, каб правесьці ў краіне перамены.