На школьнай лінейцы дзяўчаткі стаялі разам з настаўніцай Лідзіяй Пятроўнай Ціханоўскай. Дзяўчынак віталі і запрашалі ў іхны клясны пакой па-беларуску.
На лінейцы Эвэліна трошку паплакала. Тацяна ж была весялейшая. У клясе больш гаваркой была Эвэліна. Тацяна за партай сядзела маўкліва. Абедзьве паслухмяна выконвалі першыя заданьні настаўніцы.
«Я плакала, бо мне было страшнавата бяз мамы», — прызналася Эвэліна.
«Вучыцца будзем добра», — дадала Тацяна, гартаючы кнігі, падараваныя Таварыствам беларускай мовы.
«Хвалююся крыху, але ж вельмі чакала дзяўчатак. Настрой вельмі добры, і я шчасьлівы чалавек. Спачатку пачнём зь дзьвюх вучаніц. А потым, я мару пра гэта, будзе больш», — казала Лідзія Пятроўна на пачатку ўроку журналістам.
Настаўніца сказала, што па-беларуску дзеці будуць гаварыць тады, калі па-беларуску загавораць у сям’і.
Лідзія Ціханоўская — настаўніца з шматгадовым стажам. Выкладала школьныя прадметы на беларускай і расейскай мовах у пачатковых клясах.
Першы ўрок Лідзія Пятроўна для сваіх вучаніц правяла пад назваю «Наш запавет — гэты сьвет берагчы».
Пакой клясы аформлены па-беларуску. Шмат беларускіх кніг. На сьцяне партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа. Эвеліна і Тацяна — разам за адной зь дзьвюх партаў.
Кіраўніцтва навучальнай установы адкрыцьцё малакамплектнай беларускамоўнай клясы лічыць добрым вынікам інфармацыйнай працы і заяўляе, што будзе далей шукаць вучняў. Той жа думкі трымаюцца бацькі, якія наважыліся аддаць сваіх дзяцей у беларускую клясу.
Тым часам працягне вучыцца адна ў сёмай клясе першай магілёўскай школы Ялінка Салаўёва. Для яе бацькі не знайшлі аднаклясьнікаў.