Спробай арганізаваць новы шлях наплыву ў Эўропу мусульманскіх мігрантаў назваў сытуацыю на польска-беларускай мяжы ў эфіры тэлеканала tvn24 міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Блашчак. У аўторак каля памежнага пераходу Берасьце-Тэрэспаль сабралася каля дзьвюх сотняў чачэнцаў, якія патрабавалі сустрэчы з польскімі дыпляматамі.
— Польшча прытрымліваецца пазыцыі, што ў Чачні няма вайны. Калі яна там была, мы прымалі ўцекачоў, а цяпер вайна адбываецца ва Ўкраіне — сказаў польскі міністар.
Арганізатары стыхійнага лягера заяўлялі, што зьяўляюцца ўцекачамі ад рэжыму Кадырава й скардзіліся, што польскі бок адмаўляе ім ва ўезьдзе на тэрыторыю краіны, дзе яны хочуць падаць заяву на прытулак. Паводле польскіх памежнікаў, група людзей, якія прадстаўляліся чачэнцамі, спрабавала ўехаць у Польшчу на арандаваным аўтобусе, аднак ім было адмоўлена ў сувязі з парушэньнем працэдуры перасячэньня мяжы.
Паводзіны польскіх памежнікаў міністар назваў адказам на «ціск тых, хто хоча прывесьці да новага міграцыйнага крызысу».
— Пакуль кіруе «Права й справядлівасьць», пакуль я міністар унутраных справаў, я не дапушчу, каб Польшчы пагражала тэрарыстычная небясьпека.
Так і не дачакаўшыся прыезду на памежны пераход генэральнага консула Польшчы ў Берасьці, чачэнскія ўцекачы пакінулі каля 19 гадзіны памежны пункт «Брэст».