Ці вінаватыя маскітныя сеткі ў «дзетападзе»?

Калі майму тату было два гады ад нараджэньня, ён уцёк з дому. Проста захацеў даведацца, што там цікавага па-за межамі прыватнага дому ля гомельскага аўтавакзалу.

Злавілі недзе за кілямэтар — каля «дому камуны». Натуральна, гэта была выпадковасьць, але ўсё скончылася добра. Самае сьмешнае, што праз тры дзясяткі гадоў я паўтарыла татава дасягненьне — праўда, мне было паўтара года, але ўцякла я прыкладна на такую самую адлегласьць. І ўсё таксама скончылася добра. Аднак у маёй сям’і ў такіх выпадках не казалі, што ў здарэньні вінаваты нехта яшчэ, апроч бацькоў.

Прадугледзець усё немагчыма, але ёсьць набор стандартных сытуацый, у якіх бацькі могуць мінімізаваць рызыку для сваіх дзяцей

Увогуле маё дзяцінства было цалкам нармальнае: мне даводзілася глытаць капеечную манетку, падаць у аглядную яму гаража, наступаць босай нагой на пчол, на яд якіх я маю страшную алергію, есьці нясьпелыя ягады, трапляць пад абстрэл з рагаткі і атрымліваць раненьне ў галаву жалезным шарыкам ад падшыпніка. З іншага боку, я ўжо гады ў тры ведала, што запалкі — ня цацка, што дзецям ня варта браць у рукі нож або гуляць там, дзе езьдзяць машыны, а чужыя дзядзі і цёці могуць мяне скрасьці, калі іх паслухацца і пайсьці куды скажуць.

Прадугледзець усё немагчыма, але ёсьць набор стандартных сытуацый, у якіх бацькі могуць мінімізаваць рызыку для сваіх дзяцей. Напрыклад, зрабіць так, каб малое ня выскачыла з акна на высокім паверсе.

Недзе ў траўні ў Беларусі адкрываецца сэзон «дзетападу» — з розных рэгіёнаў краіны прыходзяць навіны, ад якіх стыне кроў. Вельмі маленькія дзеці залазяць на падваконьне, высоўваюцца ў адчыненае акно і падаюць уніз. У большасьці выпадкаў фінал трагічны. У верасьні такія гісторыі цалкам зьнікаюць са стужак навінаў, каб у траўні распачаўся новы сэзон — з новымі бязьвіннымі ахвярамі бацькоўскай нядбайнасьці.

Чаму я так упэўнена кажу пра бацькоўскую нядбайнасьць? Бо на сёньня гэта і ёсьць стандартная сытуацыя, дзе цалкам рэальна ўберагчы дзяцей ад экстрыму. Калі трагічныя выпадкі здараюцца 1-2 разы на летні сэзон, то гэта менавіта трагічныя выпадкі. Калі ж пачынаецца люты «дзетапад», гэта ўжо сыстэма.

генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк днямі прыгразіў крымінальнай адказнасьцю прадаўцам маскітных сетак

Так, сучасныя вокны са шклопакетамі занадта лёгка адчыняюцца, і ўжо ў тры-чатыры гады дзіця цалкам можа даўмецца, як гэта робіцца (як залезьці на падваконьне, прыставіўшы крэсла ці зэдлік, малыя разумеюць яшчэ раней). Але ж маскітныя сеткі ў якасьці абарончага сродку — гэта нядбайнасьць у квадраце. Першапачатковая функцыя гэтай сеткі — не дапусьціць у памяшканьне жамяру, а не стрымаць дзіця ад падзеньня. Маскітная сетка не павінна вытрымліваць нават хатняга ката, які рвецца за птушкай або матыльком, для гэтых істотаў робяць адмысловыя сеткі і, дарэчы, «котапад» — асобная тэма, хоць і не такая трагічная.

Тым ня менш, генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк днямі прыгразіў крымінальнай адказнасьцю прадаўцам маскітных сетак: маўляў, большасьць загінулых дзяцей жыла ў кватэрах, дзе паставілі менавіта такія прылады, а значыць прычынна-выніковая сувязь магчымая.

Калі так разабрацца, што гэта, мякка скажам, лёгіка нездаровага чалавека: прадаўцоў тавару, функцыя якога не прадугледжвае ўтрыманьне 10-15 кіляграмовага дзіцяці ад падзеньня, гатовыя судзіць за сьмерць малых. Вытворцы ні пры чым. Бацькі пагатоў ні пры чым. Бацькоў падманулі — сказалі, што сетка надзейная, а яна выскачыла з акна разам зь дзіцем, хоць камары і мухі ў пакой сапраўды не заляталі.

Давайце тады прыцягнем да адказнасьці прадаўцоў асьпірыну, бо камусьці ён не дапамог ад запаленьня лёгкіх. Або прадаўцоў зімовых паліто, бо даводзяць да цеплавога ўдару ў сьпёку. Ці прадаўцоў прэзэрватываў, якія пазбаўляюць жанчын шчасьця мацярынства. А бацькі няхай чакаюць, што ў продажы зьявяцца надзейныя маскітныя сеткі, зь якімі можна трымаць акно расчыненым хоць круглыя суткі. Заплаціў — і забыўся. Гэта такая псыхалёгія сучаснага нясьпелага чалавека, які хіба што біялягічна дарос да бацькоўства, але не заўсёды можа паклапаціцца нават пра самога сябе.

Давайце тады прыцягнем да адказнасьці прадаўцоў асьпірыну, бо камусьці ён не дапамог ад запаленьня лёгкіх

Між тым па сеціве гуляюць карысныя артыкулы пра адмысловыя блякіратары, якія не дазволяць малому адчыніць акно, пастаўленае толькі на рэжым праветрываньня. Ёсьць вэнтылятары, якія дапамагаюць перажыць сьпёку, а для больш заможнай публікі прадугледжаныя і кандыцыянэры. І тым ня менш толькі ў самых скандальных выпадках віну ўскладаюць на бацькоў, а калі «сям’я характарызуецца станоўча», то трэба шукаць вінаватых з боку, чым генпракуратура і занялася на радасьць інфантыльным суграмадзянам.

Апроч самых элемэнтарных захадаў, кшталту блякіратараў на вокнах, варта проста размаўляць з уласнымі дзецьмі і тлумачыць ім базавыя прынцыпы бясьпекі. На жаль, людзі — самыя недасканалыя з прыматаў, таму ўсе веды пра навакольны сьвет і спосабы рэагаваньня ў іх перадаюцца толькі праз навучаньне, а не закладваюцца ў інстынктах. Досьвед набываецца на ўласных гузаках і на досьведзе іншых людзей. Лепей, калі гузакоў будзе зусім мала.