Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка абвінаваціў расейскія ўлады ў жаданьні захапіць Украіну і зрабіць яе часткай «расейскай імпэрыі». Таксама Расея, паводле яго слоў, хоча дэстабілізаваць сытуацыю ў сусьветным маштабе.
Як перадае BBC, Парашэнка сказаў пра гэта ў інтэрвію CNN, прымеркаваным да сьвяткаваньня 25-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны.
«Мэта Пуціна — паспрабаваць дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне. Ім не патрэбны ні Данецк, ні Луганск. Ім трэба, каб уся Ўкраіна была часткай расейскай імпэрыі», — заявіў Парашэнка.
«Яны хочуць падарваць сусьветную бясьпеку. Гэта тая ж сытуацыя, што і ў выпадку з расейскімі бамбаваньнямі ў Алепа. У іх толькі адна мэта: сьвет павінен быць менш стабільным, менш абароненым», — сказаў ён.