Турэцкі гамбіт: ці дойдзе рэха эрдаганаўскіх чыстак да Беларусі

Амбасада Турэччыны ў Беларусі не дала адназначнага адказу на пытаньне Радыё Свабода наконт скандальнага паведамленьня Anadolu Agency, якое абвінаваціла дзьве грамадзкія арганізацыі, што дзейнічаюць у Менску, у сувязях з «тэрарыстамі» — прыхільнікамі апазыцыйнага дзеяча Фэтхулаха Гюлена.

Нагадаем, 31 ліпеня турэцкае інфармацыйнае агенцтва Anadolu паведаміла, што адукацыйна-культурная ўстанова «Достлук» і Беларуска-турэцкая дзелавая гандлёва-прамысловая арганізацыя BETİD (абедзьве зарэгістраваныя ў Менску) — гэта філіі «Тэрарыстычнай арганізацыі Фэтхулаха Гюлена» (Fetullahçı Terör Örgütü — FETÖ). Менавіта так — FETÖ — у Турэччыне называюць прыхільнікаў Гюлена, якога турэцкія ўлады лічаць тэрарыстам і арганізатарам спробы вайсковага перавароту.

«Прэрагатыва нацыянальных органаў»

У сувязі з гэтым Свабода зьвярнулася ў амбасаду Турэччыны ў Менску з наступнымі пытаньнямі: ці маюць турэцкія ўлады прэтэнзіі да BETİD і «Достлук» і ці лічаць іх зьвязанымі зь мяцежнікамі? Праз тыдзень Свабода атрымала афіцыйны адказ за подпісам Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Турэччыны ў Беларусі Кезбан Нілваны Дарама.

У лісьце амбасадара інфармацыя Anadolu пра сувязі BETİD і «Достлук» з «тэрарыстамі» не пацьвярджаецца, але і не абвяргаецца.

«Адносна Вашых пытаньняў, якія тычацца дзейнасьці магчымых філіяў тэрарыстычнай арганізацыі Фэтхулаха Гюлена (FETÖ) у Беларусі, наша Амбасада ня ў стане паказваць на якую-небудзь канкрэтную ўстанову або аб’яднаньне, створанае тут, і судзіць пра законнасьць яго дзейнасьці», — піша Кезбан Нілваны Дарама.

Між тым далей амбасадар падрабязна тлумачыць афіцыйную пазыцыю Анкары адносна руху Фэтхулаха Гюлена, які нібыта мае сусьветную сетку «падпольных ячэек».

Кезбан Нілваны Дарама адзначае, што на першы погляд іхняя дзейнасьць здаецца «законнай, мірнай, нявіннай і філянтрапічнай»:

Пад выглядам законнай гуманітарнай дзейнасьці альбо з дапамогай сваіх афіцыйных навучальных устаноў, цэнтраў культуры і бізнэс-асацыяцыяў, яны імкнуцца атрымаць доступ да шырокіх фінансавых рэсурсаў і чалавечага капіталу, а таксама атрымаць палітычны і сацыяльны ўплыў у трэціх краінах па ўсім сьвеце.

«Пад выглядам законнай гуманітарнай дзейнасьці альбо з дапамогай сваіх афіцыйных навучальных устаноў, цэнтраў культуры і бізнэс-асацыяцыяў (згодна са сваім статутам BETİD і „Достлук“ — гэта якраз культурны цэнтар і бізнэс-асацыяцыя. — РС), яны імкнуцца атрымаць доступ да шырокіх фінансавых рэсурсаў і чалавечага капіталу, а таксама атрымаць палітычны і сацыяльны ўплыў у трэціх краінах па ўсім сьвеце. Рух сапраўды зьяўляецца злачыннай арганізацыяй і вядзе закулісную дзейнасьць, у прыватнасьці ў Турэччыне».

Кезбан Нілваны Дарама падкрэсьлівае, што гюленаўцы на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў пранікалі ў найважнейшыя дзяржаўныя інстытуты Турэччыны, каб прасоўваць свае «перакручаныя скрытыя задумы», але цяпер улады вядуць працу «па выкараненьні гюленаўскіх агентаў зь дзяржаўных установаў».

«Турэцкі ўрад таксама заклікае ўсе іншыя краіны прадухіліць дзейнасьць магчымых філіяў FETÖ па ўсім сьвеце. Аднак вызначэньне захадаў, якія павінны быць зробленыя, — гэта, безумоўна, прэрагатыва нацыянальных органаў. Тым ня менш варта мець на ўвазе, што, нягледзячы на іхнія заяўленыя мэты, дзейнасьць усіх складнікаў сеткі Гюлена, якая працуе па ўсім сьвеце, наносіць шкоду Турэччыне і таму небясьпечная», — падсумоўвае ў сваім лісьце амбасадар.

Такім чынам, Турэччына наўпрост не заявіла пра наяўнасьць у Беларусі філіялаў FETÖ, але і не абвергла гэтага, падкрэсьліўшы, што гюленаўцы дзейнічаюць па ўсім сьвеце пад выглядам законнай гуманітарнай дзейнасьці.

Трэба адзначыць, што пасьля спробы дзяржаўнага перавароту турэцкія ўлады пачалі маштабныя чысткі: больш за 35 тысяч чалавек былі затрыманыя, зь іх 17 тысяч — афіцыйна арыштаваныя.

Больш за 80 тысяч чалавек, сярод якіх вайскоўцы, судзьдзі, дэканы і выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, журналісты страцілі свае пасады з-за падазрэньняў у падтрымцы Гюлена. Былі закрытыя больш за дзьве тысячы арганізацыяў.

Чаргінец: Я сам нядаўна даведаўся пра гэтыя падазрэньні

Як раней даведалася ў сваім расьсьледаваньні Свабода, BETİD і «Достлук» маюць адзін і той жа юрыдычны адрас — Менск, вуліца Эўфрасіньні Полацкай, 1-117. Але па гэтым адрасе арганізацыі ўжо не разьмяшчаюцца — яны зьехалі каля 1,5 месяца таму. Супрацоўнікі суседніх офісаў нічога падазронага ці незвычайнага ў працы турак не заўважалі. Сайты BETİD і «Достлук» выглядаюць цалкам бяскрыўдна, і інфармацыя на іх тычыцца толькі профільных напрамкаў дзейнасьці.

Уваход у былы офіс турэцкіх арганізацый BETİD і «Достлук»

Самі арганізацыі не былі ліквідаваныя, але пагутарыць зь іхнім кіраўніцтвам пакуль не ўдалося. Сакратарка «Достлук» сказала карэспандэнту Свабоды, што дырэктар курсаў Ахмэт Гюлемаглу ня мае жаданьня выходзіць на сувязь з журналістамі. Прадстаўнікі BETİD таксама адмовіліся ад камэнтароў. Сакратарка «Достлук» дадала, што ў верасьні моўныя курсы будуць праходзіць у новым офісе, адрас якога пакуль невядомы.

Той самы юрыдычны адрас, што BETİD і «Достлук» (вул. Эўфрасіньні Полацкай, 1-117), мае таксама і грамадзкае аб’яднаньне «Дыялёг Эўразія». У 2009 годзе «Дыялёг Эўразія» пры падтрымцы БДУ арганізаваў у Менску канфэрэнцыю «Альянс цывілізацыяў», дзе выступіў з прамовай сам Фэтхулах Гюлен.

Дырэктар «Дыялёгу Эўразія» — Сэзэр Чакмак — адначасова сустаршыня BETİD. Ганаровы старшыня «Дыялёгу Эўразія» — пісьменьнік Мікалай Чаргінец.

Скрыншот сайта «Дыялёг Эўразія»

Вядома, што ў 2011 годзе Чаргінец напісаў прадмову да кнігі Гюлена «Дыялёг і талерантнасьць», выдадзенай у Менску. Акрамя таго, пры падтрымцы «Дыялёгу Эўразія» пісьменьнік выдаў сваю кнігу ў Турэччыне.

Свабода патэлефанавала спадару Чаргінцу, каб высьветліць, якое дачыненьне на самой справе ён мае да «Дыялёгу Эўразія» і якія стасункі ён сёньня мае з Гюленам.

«Са мной ня вельмі ўзгаднялі пасаду ганаровага старшыні, самі выбралі і прызначылі, але я ня супраць», — кажа Чаргінец.

«Я ніколі ня чуў ад супрацоўнікаў „Дыялёгу Эўразія“, што яны апанэнты дзейнага рэжыму на сваёй радзіме. Адзінае, чым яны займаюцца, — гэта разьвіцьцё супрацоўніцтва паміж кантынэнтамі...», — працягвае ён.

Пісьменьнік сьцьвярджае, што не знаёмы з Гюленам асабіста. Маўляў, нават калі той заехаў у Менск у 2009 годзе, яны не сустракаліся.

«Магу сказаць адно: як толькі з турэцкага боку зьявяцца доказы, што гэта тэрарыстычная арганізацыя, кіраўніцтва Беларусі неадкладна спыніць яе дзейнасьць. Але на сёньняшні дзень мы ня маем такой інфармацыі. Я сам нядаўна даведаўся пра гэтыя падазрэньні... Шчыра кажучы, я хоць і пазначаны як старшыня, насамрэч не ўваходжу ў склад аб’яднаньня».

Вялікі сябар беларускіх інтэлектуалаў

Чаргінец узгадвае, што раней праца аб’яднаньня «Дыялёг Эўразія» цалкам падтрымлівалася турэцкімі ўладамі.

Мікаалй Чаргінец

«Вось цяпер у мяне на працоўным стале ляжыць пасланьне Эрдагана, напісанае, калі ён яшчэ быў прэм’ерам. Там гаворыцца наступнае: «Намаганьні плятформы „Дыялёг Эўразія“ вартыя ўхваленьня, бо скіраваныя на аднаўленьне мастоў паміж эўразійскімі народамі і культурамі і фармаваньне пэрспэктывы сумеснага разьвіцьця ў будучыні», — цытуе пасланьне Чаргінец.

Такім чынам, некалькі год таму Эрдаган (на той момант — прэм’ер-міністар Турэччыны) ухваляў дзейнасьць арганізацыі, створанай у Менску прыхільнікамі Гюлена.

Эрдаган і Гюлен доўгі час былі паплечнікамі і сябрамі, але ў 2013 годзе паміж імі здарыўся канфлікт, прычыны якога дакладна не вядомыя. Тады паліцыя закрыла сетку школаў гюленаўскага руху «Хізмэт», правяла зачыстку яго прыхільнікаў — былі затрыманыя дзясяткі грамадзянаў. 19 сьнежня 2014 суд у Стамбуле выдаў ордэр на арышт Гюлена па падазрэньні ў тэрарызьме.

Фэтхулах Гюлен (зьлева) і Рэджэп Таіп Эрдаган, архіўнае фота

Як мінімум да канца 2014 году ідэі Гюлена актыўна вывучаліся і тыражаваліся ў Беларусі. У 2009–2013 гадах у Менску былі выдадзеныя тры яго кнігі, у тым ліку выдавецтвам «Беларуская навука» (дарэчы, кніга «Крытэрыі, альбо Агні ў дарозе» была перакладзена на беларускую мову).

У 2012 годзе пабачыла сьвет манаграфія «Сацыяльна-філязофскія аспэкты вучэньня Ф. Гюлена: погляд беларускіх навукоўцаў», прадмову да якой напісалі сябра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Яўген Бабосаў, прафэсары Анатоль Рубанаў (на той момант — дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ) і Аляксандар Лапцёнак. У манаграфіі — артыкулы вядучых беларускіх навукоўцаў, загадчыкаў катэдраў, выкладчыкаў.

У 2014 годзе выйшла кніга акадэміка Бабосава з красамоўнай назвай «Фэтхулах Гюлен — турэцкі мысьляр і прапаведнік сусьветнага маштабу».

Культурна-адукацыйнае супрацоўніцтва гюленаўцаў зь беларускім бокам ішло поўным ходам: арганізоўваліся паездкі, круглыя сталы і канфэрэнцыі (на адной зь іх, як ужо адзначалася, прысутнічаў сам Гюлен). Мяркуючы па ўсім, інтэнсіўнасьць супрацоўніцтва пайшла з канца 2014 году на зьмяншэньне, але ці згорнута яно цалкам — сказаць цяжка.

Гюлен нам сябра, але Эрдаган даражэйшы?

Тэма гюленаўскіх арганізацыяў у Беларусі набыла дадатковую актуальнасьць у сувязі з плянаваным візытам у Менск прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

Чакалася, што першая асоба Турэччыны наведае Беларусь у канцы мінулага месяца. У прыватнасьці, плянаваўся ўдзел Эрдагана ў цырымоніі адкрыцьця ў Менску Саборнай мячэці 29 ліпеня. Аднак потым было абвешчана, што візыт пераносіцца на нявызначаны тэрмін.

Рэджэп Таіп Эрдаган

11 жніўня адбылася сустрэча памочніка Лукашэнкі Ўсевалада Янчэўскага з галоўным эканамічным дарадцам прэзыдэнта Турэччыны Джэмілем Эртэмам. Галоўнай тэмай размовы, паводле афіцыйных паведамленьняў, былі беларуска-турэцкія інвэстыцыйныя праекты, але таксама абмяркоўвалася падрыхтоўка візыту Эрдагана ў Беларусь.

Інтэрнэт-выданьне «Беларускі партызан» зьвярнула ўвагу на тое, што Янчэўскі — гэта начальнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, і таму яго ўдзел у эканамічных перамовах не зусім зразумелы. Паводле выданьня, насамрэч турэцкія ўлады незадаволеныя ляяльнасьцю беларускіх уладаў да Фэтхулаха Гюлена і ягоных прыхільнікаў у Беларусі, і якраз таму быў адкладзены візыт Эрдагана ў Менск. Менавіта гэтую праблему, мяркуе «Беларускі партызан», Янчэўскі і езьдзіў абмяркоўваць у Турэччыну.

Трэба адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка ад самага пачатку цалкам падтрымаў Рэджэпа Эрдагана пры спробе вайсковага перавароту ў Турэччыне і рэзка асудзіў дзеяньні мяцежнікаў.

Міжнародная супольнасьць не прызнае Фэтхулаха Гюлена экстрэмістам. Сваю датычнасьць да путчу ў Турэччыне сам ён адмаўляе.

Гюлен вядомы як заснавальнік грамадзка-палітычнага руху «Хізмэт», былы імам, пісьменьнік. З 1999 году жыве ў штаце Пэнсыльванія, ЗША. Паводле ангельскага часопіса The Economist, «Хізмэт» грунтуецца на ідэях пацыфізму, прапануе сучасны погляд на іслам, а таксама супрацьстаіць экстрэмісцкай плыні — салафізму.