Сьледчы камітэт паведаміў, што пэдыятар Дзьмітры Серада, якога гвалтоўна затрымалі на паўтара сутак, не дачынны да злачынства.
Прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова сказала, што Заводзкім раённым аддзелам Сьледчага камітэту ў Менску расьсьледуецца крымінальная справа па факце хуліганскіх дзеяньняў, якія выявіліся ў дэманстрацыі палавых органаў жанчынам у лесапаркавай зоне.
«У мэтах устанаўленьня асобы, якая ўчыніла гэтае злачынства, органам дазнаньня праводзіўся шэраг апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, падчас якіх паступіла інфармацыя пра магчымую дачыннасьць Серады да згаданага злачынства. Супрацоўнікамі міліцыі было зьдзейсьнена яго затрыманьне», — распавяла Юлія Ганчарова.
Доктара Сераду даставілі ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, дзе сьледчыя цягам сутак правяралі інфармацыю, якая паступіла ад апэратыўных службаў.
«Інфармацыя не знайшла пацьверджаньня, пасьля чаго мужчына быў адпушчаны», — сказала Ганчарова.
Жонка Дзьмітрыя Серады напісала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманьні. Цяпер па ёй праводзіцца перадсьледчая праверка.
Паводле Дзьмітрыя Серады, да яго ў кватэру 4 жніўня ўварваліся невядомыя ў масках, выламалі ўваходныя дзьверы, разьбілі шкло бальконных дзьвярэй на кухні. Дзьмітрыя жорстка зьбілі, завезьлі ў Заводзкі РУУС, потым у Сьледчы камітэт. Трымалі паўтара сутак, не кармілі. Пра гэта Дзьмітры Серада распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна».
Зьбівалі лекара жорстка: паклалі тварам у падлогу, скруцілі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі. Потым білі нагамі ў абутку па галаве, нырках, сьпіне, нагах. Спадар Серада кажа, што на пытаньне, за што яго зьбіваюць, пачуў у адказ: «„Няма чаго сваімі прычындаламі махаць“, у больш грубай форме, вядома». Потым лекара даставілі ў РУУС Заводзкага раёну Менску, у машыне працягвалі зьбіваць.