Акцыя будзе прымеркаваная да гадавіны наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі сілы канстытуцыйнага закону.
Удзельнікі акцыі плянуюць сабрацца а 18 гадзіне ля помніка Янку Купалу і потым рушыць пад нацыянальнымі сьцягамі па праспэкце да плошчы Незалежнасьці.
«У сьвяточны дзень 25 жніўня заклікаем фатаграфавацца пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, посьціць сьвяточныя навіны і віншаваньні пад хэштэгам #незалежнасьці25. Адсьвяткуем сьвята незалежнасьці разам: незалежнай Беларусі — 25!», — піша Малады Фронт на сваім сайце.
У жніўні 1991 году перад пачаткам сэсіі Вярхоўнага Савету група дэпутатаў БНФ дамаглася жывога тэлеэфіру і зьвярнулася да жыхароў Менску з заклікам прыходзіць на плошчу перад Домам ураду. На плошчы сабраліся тысячы людзей.
Празь некалькі тыдняў Вярхоўны Савет зьмяніў назву краіны (замест БССР — Рэспубліка Беларусь) і надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сымбаляў.