МАК пачаў расьсьледаваньне ў дачыненьні да чыноўнікаў Мінспорту Расеі

У пачатку чэрвеня нямецкі тэлеканал ARD абвінаваціў асабіста міністра спорту Расеі Віталя Мутко ў садзейнічаньні ўтойваньню станоўчых допінг-пробаў спартоўцаў. Дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) пад кіраўніцтвам Гі Канівэ пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да чыноўнікаў Міністэрства спорту РФ, паведамляе нямецкі канал ARD.

З фільма тэлеканала ARD аб дзяржаўнай праграме допінгу ў Расеі стартаваў скандал, у выніку якога ўсіх расейскіх лёгкаатлетаў адхілілі ад Алімпіяды ў Рыё.

Пра расьсьледаваньне напісаў у сваім Twitter журналіст тэлеканала Хаё Зэпэльт — аўтар выкрывальных фільмаў пра допінг. «Камісія МАК пад кіраўніцтвам Канівэ пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да чальцоў расейскага Міністэрства спорту з нагоды дзяржаўнай падтрымкі допінгу», — цытуе паведамленьне тэлеканала агенцтва ТАСС.

Пасьля выхаду ў сьнежні 2014 году першага фільма ARD пра расьсьледаваньне допінгавых парушэньняў адбыўся грандыёзны скандал. Фільм распавядаў пра сыстэматычнае ўжываньне лёгкаатлетамі з РФ забароненых прэпаратаў па ўказаньні сваіх трэнэраў. Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) ініцыявала расьсьледаваньне, якое прывяло да адстаўкі кіраўніцтва Ўсерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі (ВФЛА) і адхіленьня расейскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў, уключаючы Алімпіяду ў Рыё.

Другі фільм выйшаў у жніўні 2015 году і распавёў пра тое, што траціна мэдалёў у спаборніцтвах на цягавітасьць на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах сьвету ў пэрыяд з 2001 па 2012 год заваявалі спартоўцы з падазронымі аналізамі, прычым, ні адзін зь іх ня быў пазбаўлены узнагародаў. Пасьля гэтага Міжнародны алімпійскі камітэт пачаў пераправеркі пробаў алімпійцаў новымі мэтадамі. Па выніках пераправерак ва ўжываньні забароненых рэчываў былі абвінавачаныя агулам 22 расейцы (14 у Пэкіне і яшчэ 8 — у Лёндане).

У пачатку чэрвеня ARD абвінаваціў асабіста міністра спорту Расеі Віталя Мутко ў садзейнічаньні ўтойваньню станоўчых допінг-пробаў. Паводле дадзеных ARD, у гульца з футбольнага клюбу «Краснадар» ў 2014 годзе выявілі гексарэлін, але інцыдэнт не атрымаў розгаласу дзякуючы ўмяшаньню Мутко, які нібыта загадаў схаваць факт ужываньня забароненага прэпарату.