З прычыны правалу на ўсіх франтах напярэдадні афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі і Міністэрства спорту і турызму нават паўдзельнічала ў калектыўным малебне за ўсіх беларускіх спартоўцаў, якія выступаюць у Бразыліі. Набажэнства правёў настаяцель храма Сьвятой пакутніцы Зінаіды айцец Сергій, які абслугоўвае прыход Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату ў Рыё-дэ-Жанэйра.
Але маленьні праз расейскіх пасярэднікаў небам не пачутыя.
Не дапамагаюць і заклікі спартовых чыноўнікаў пра неабходнасьць «поўнай канцэнтрацыі і засяроджанасьці на максымальны вынік». У прыватнасьці такі ляйтматыў гучаў падчас працоўнага паседжаньня з удзелам першага віцэ-прэзыдэнта НАК Максіма Рыжанкова і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко.
Пакуль беларусы калі што і дэманструюць, то пераважна антырэкорды. Так, ня спраўдзілася «мэдалёвае спадзяваньне» ў гонках на велашашы: Васіль Кірыенка фінішаваў 17-м у алімпійскай «разьдзелцы». Да гэтага ў першым заезьдзе спартовец увогуле сышоў з дыстанцыі. Іншы беларус Канстанцін Сіўцоў быў 25-м. У жаночых спаборніцтвах Алена Амялюсік прыйшла на 11-й пазыцыі.
Ці не найбольшым расчараваньнем дня сталі вынікі двойчы віцэ-чэмпіёнкі Алімпійскіх гульняў-2012 плыўчыхі Аляксандры Герасімені. На дыстанцыі 100 мэтраў вольным стылем яна была апошняй у другім паўфінале, заняўшы ў зводным пратаколе 13 месца. У мужчынскай сетцы Мікіта Цмыг не прабіўся ў паўфінал 200-мэтроўкі на сьпіне. Агульнае месца Цмыга ў папярэдніх заплывах — 25-е сярод 26 удзельнікаў.
Чэмпіёнка сьвету і Эўропы Тацяна Драздоўская ў клясе парусьнікаў «Лазэр Радыял» па выніках чарговых двух гонак папярэдняга раўнду адкацілася з 11-га на 16-е месца і ўскладніла задачу на пападаньне ў лік 10 фіналістаў, якія і разыграюць мэдалі.
Цяжкаатлетка Анастасія Міхаленка ў фінале алімпійскага турніру тройчы ня справілася з вагой 103 кіляграмы ў рыўку і завяршыла свой шлях у Рыё-дэ-Жанэйра. Яе сяброўка па камандзе Дар’я Пачобут выступіла лепш, фінішаваўшы 6-й.
У фэхтаваньні на шаблях Аляксандар Буйкевіч у 1/8 фіналу саступіў алімпійскаму чэмпіёну Лёндана-2012 вугорцу Арану Сілаґі.
Прадстаўнік спартовай гімнастыкі Андрэй Ліхавіцкі ў кваліфікацыі шматбор’я паказаў 16-ы вынік, а ў вырашальнай стадыі скончыў выступ на 18-й пазыцыі.
Сёньня несуцяшальную карціну можна падсаладзіць хіба што баскетболам і настольным тэнісам. Увечары жаночая баскетбольная зборная пад кіраўніцтвам Анатоля Буяльскага правядзе перадапошні паядынак групавой стадыі супраць каманды Турэччыны, які стане ключавым у барацьбе за пуцёўку ў плэй-оф. А 40-гадовы майстар малой ракеткі Ўладзімер Самсонаў паспрабуе здабыць першы мэдаль на сваёй шостай Алімпіядзе. Праўда, у паўфінале яму будзе супрацьстаяць ці ня самы нязручны супернік — двойчы залаты мэдаліст Лёндану-2012 кітаец Чжан Цзыке.