Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць «сухіх» дзён: Беларусь у Рыё па-ранейшаму без мэдалёў


Нешта падобнае на сьвятло ў канцы тунэлю нарэшце пабачылі і беларускія заўзятары — спадзеў на алімпійскія пэрспэктывы найперш пасялілі выступы баскетбалістак і майстра малой ракеткі Ўладзімера Самсонава.

Зборная Беларусі па баскетболе пасьля двух паразаў на старце ня мела права на памылку, якая азначала б дачаснае разьвітаньне з Алімпіядай. Аднак стартавая палова ў матчы з Бразыліяй для выхаванак Анатоля Буяльскага склалася горш не бывае — мінус 18 пунктаў. Праўда, пасьля хуткага пачатку гаспадыні турніру супакоіліся і дазволілі беларускам ня толькі наблізіцца, але і выйсьці наперад. Нэрвовая перамога на фінішы, якая пакідае шанцы на працяг выступу ў плэй-оф.

Упершыню ў сваёй працяглай спартовай кар’еры нарэшце патрапіў у паўфінал 40-гадовы Ўладзімер Самсонаў — у чвэрцьфінале ён не бязь цяжкасьцяў адолеў прадстаўніка Нямеччыны з украінскімі каранямі Дзьмітрыя Аўчарова. Праўда, лёгкі шлях да ўзнагароды не прадбачыцца — у паўфінале яму будзе супрацьстаяць алімпійскі чэмпіён 2012 году кітаец Чжан Цзыкэ.

Па выніках папярэдніх заездаў ушчыльную наблізілася да запаветнай дзясяткі, якая дае права ўдзельнічаць у фінальных спаборніцтвах, чэмпіёнка сьвету ў парусным спорце Тацяна Драздоўская. Пасьля двух дзён яна ідзе 11-й і застаецца зрабіць усяго адзін выніковы крок.

10 ліпеня на Гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра будзе разыграна 20 камплектаў узнагародаў і, магчыма, беларускія атлеты нарэшце парадуюць сваіх прыхільнікаў.

Двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпіяды ў Лёндане Аляксандра Герасіменя выйдзе на старт кваліфікацыі на адной са сваіх каронных дыстанцыяў — 100-мэтроўцы вольным стылем. Па выніках 16 лепшых будуць абраныя ў паўфіналы, якія адбудуцца раніцай па беларускім часе.

19-гадовы Мікіта Цмыг паспрабуе свае сілы на 200-мэтровай дыстанцыі ў плаваньні на сьпіне.

На сёньня заплянаваныя паўфінальныя заезды ў спаборніцтвах па акадэмічным веславаньні. Мужчынская чацьвёрка пазмагаецца за выхад у фінал у адным заезьдзе зь пяцьцю міжнароднымі экіпажамі, для выхаду ў вырашальную стадыю трэба трапіць у лік трох лепшых.

Выйдзе на старт адзіны прадстаўнік Беларусі ў спаборніцтвах па фэхтаваньні — віцэ-чэмпіён сьвету Аляксандар Буйкевіч. У першым паядынку яго апанэнтам стане грэцкі шабліст Ёзаф Паласіфакіс.

Апошнія мэдалёвыя камплекты знойдуць сваіх уладальнікаў у велагонках па шашы. Жанчыны і мужчыны правядуць гонкі з разьдзельным стартам, ад Беларусі выступяць Алена Амялюсік і Васіль Кірыенка з Канстанцінам Сіўцовым адпаведна.

Выйдуць на памост і першыя прадстаўніцы Беларусі ў цяжкай атлетыцы — у жаночай катэгорыі да 69 кг выступяць Дар’я Пачобут і Анастасія Міхаленка. Свой дэбютны паядынак на рынгу правядзе Дзьмітрый Асанаў (вагавая катэгорыя да 56 кг). Супернікам беларуса будзе прадстаўнік Дамініканскай Рэспублікі Эктар Луіс Гарсія Мора.

У спартовай гімнастыцы мужчыны разыграюць алімпійскія мэдалі ў шматбор’і — сярод 24 фіналістаў і беларускі гімнаст Андрэй Ліхавіцкі, які заняў у кваліфікацыі 16 месца.

На гэты момант узнагароды на Алімпіядзе ў Рыё заваявалі прадстаўнікі паўсотні краінаў, Беларусі ў гэтым пераліку па-ранейшаму няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG