Стагнацыя ў вышыванцы

Міхаіл Пашкевіч

Выглядае так, што апошнія месяцы наша дзяржава кіруецца прынцыпам «у любой незразумелай сытуацыі выкарыстоўваем вышыванку». І пасьля таго, як міні-памятку па асноўных матывах вышыванкі я знайшоў у пакунку з шакалядным зэфірам, навіны аб «вышытых» з ног да галавы нашых зборных у Рыё і па футболе ну зусім ужо не зьдзіўляюць.

Вядома ж, можна шчыра і па-дзіцячы радавацца, што гэта нарэшце ёсьць, што дачакаліся. І больш за тое, як жа жудасна гэта злуе «рэгнумы», і таго ўмоўнага амапаўца, апісанага колькі дзён таму Змітром Лукашуком. Крута, проста легалайз.

Але што далей? Калі крэатыў ідэолягаў, якія сутаргава ўчапіліся ў вышыванку як за апошні паратунак, будзе крочыць далей, то ня тое што зэфіру, малака нявышытага хутка ня знойдзеш. Для шараговага выбаршчыка такой колькасьці агітпрадукцыі на мэтар квадратны будзе дастаткова, каб падсьвядома зразумець «ага, беларусізацыя зноў у трэндзе».

Але ж сапраўдных зьмен—эканамічных, палітычных, тых самых рэформаў — усяго гэтага па-ранейшаму не будзе.

У выніку мы маем старую добрую грандыёзную стагнацыю, але пры гэтым «вышытую». І гэта толькі справа часу, калі гэтыя паняткі стануць тоеснымі для ўмоўнага сярэдняга грамадзяніна.

У выніку мы маем старую добрую грандыёзную стагнацыю, але пры гэтым «вышытую». І гэта толькі справа часу, калі гэтыя паняткі стануць тоеснымі для ўмоўнага сярэдняга грамадзяніна. У якога, у сваю чаргу, ужо былі пэўныя штучныя стэрэатыпы аб «нацыяналістычных» 90-х, калі, маўляў, «бэнээфы» ўжо пабывалі ва ўладзе. Але не займаліся эканомікай, а наадварот усё развалілі, бо турбаваліся толькі аб пагонях, сцягах, мове і наогул справах культурных.

Пост-БССР, толькі вонкава пад бчб-сцягам і пагоняй, заставалася пад кіраўніцтвам старых намэнклятурнікаў — такіх як Кебіч ці Мясніковіч. Намэнклятурнікаў, што пасьля вельмі ўдала сканструявалі сваю ўласную легенду аб ліхіх 90-х, пераклаўшы адказнасьць за свае правалы на «бэнээфы».

Крызісныя «дзясятыя» калісьці скончацца, але адначасова з сабой могуць на нейкі час пахаваць і другую хвалю Адраджэньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.