Міжнародная фэдэрацыя футболу (ФІФА) пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да 11 расейскіх футбалістаў, якія фігуруюць у дакладзе незалежнай камісіі Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна.
Пра гэта паведаміла расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на прэс-службу ФІФА.
Камісія сьцьвярджае, што станоўчыя допінг-пробы 11 расейскіх футбалістаў былі схаваныя.
«ФІФА сумесна з Макларэнам і WADA пачало паўнавартаснае расьсьледаваньне ў дачыненьні да 11 расейскіх футбалістаў і зьвязалася з Расейскім футбольным саюзам», — цытуе ТАСС прэс-службу Міжнароднай фэдэрацыі футболу.
Расейскі футбольны саюз пацьвердзіў атрыманьне ад ФІФА запыту адносна допінг-пробаў 11 гульцоў, згаданых ў дакладзе WADA.
«Мы будзем працаваць па гэтым пытаньні з усімі ўпаўнаважанымі арганізацыямі і акажам ФІФА ўсебаковае садзейнічаньне», — сказалі ТАСС ў прэс-службе.