Dźmitry Hurnievič неўзабаве пасьля перамогі Brexit іранізуе адносна брытанцаў, якія ня хочуць жыць у Эўразьвязе і гатовыя зарабляць меней, што можа стацца пры выхадзе з ЭЗ, толькі ня быць «часткай гэтага эўрапаскудзтва»:
– Якія ж розныя можна мець пэрспэктывы. А маглі б нарадзіцца ў лясной вёсцы, з туалетам у полі, без каналізацыі, з працай на калгаснай фэрме за 90 баксаў, лазьняй раз на тыдзень, а падчас адпачынку займацца гародам ці зборам ягад на продаж. Гэта хутка лечыць алергію на «эўрапаскудзтва».
Прапануйце менчуку паехаць у калгас на сталае жыцьцё. На вас паглядзяць, як на няўдалага жартаўніка ці як на недабразычліўца. Калі б Лукашэнка вярнуў у заканадаўства царска-савецкі закон пра высылку, то далёка адпраўляць пакараных не давялося б – ды хоць бы за дзясятак кілямэтраў ад Менску.
Іронія з ідэалёгіі «чаркі і шкваркі» паходзіць зь Менску. Іронія – адносна носьбітаў ідэалёгіі, і сарказм – адносна таго, хто гэтую ідэалёгія выкарыстоўвае – адносна Лукашэнкі.
Спачатку пра носьбітаў. Чаму выраз «чарка і шкварка», як адасабленьне сябе ад носьбітаў, пайшоў зь Менску? Абнулены пасьля вайны і нанова створаны горад урбанізаваўся звышхуткімі тэмпамі. Тыя, хто яшчэ нядаўна не разгінаў сьпіны ў полі за тры капейкі ці за «працадні», цяпер не разгінаўся на будоўлях і ў цэхах. Але з прынцыповым адрозьненьнем – з паляпшэньнем матэрыяльнага становішча і выразнай пазытыўнай пэрспэктывай.
Ужо дзеці «першых пасяленцаў» у Менску мелі радыкальна адрозныя магчымасьці ў жыцьці. Самае галоўнае – ім ня трэба было штодня змагацца за фізычнае выжываньне. Яны шмат чыталі, шмат слухалі сучасную музыку, якую лавілі праз «варожыя галасы», яны тусаваліся, яны забаўляліся, дыскутавалі, яны выпендрываліся ўрэшце джынсамі і даўгімі валасам. У іх быў час на развагі і прадукаваньне ідэяў.
Празь некалькі гадоў пасьля дэкамунізацыі Польшчы я прысутнічаў на сустрэчы з галоўным рэдактарам польскай «Gazety Wyborczеj» Адамам Міхнікам. Ён дыскутаваў з францускім калегам з газэты «Le Figaro» пра эўрапейскі кансумэрызм.
Спадар Міхнік падвёў рысу дыскусіі прыблізна такімі словамі: Я сорак гадоў назіраў, як мой народ пакутаваў у чэргах па элемэнтарныя прадукты харчаваньня. Ці магу я вінаваціць людзей за тое, што, атрымаўшы свабоду, яны апанавалі свае галовы ідэяй спажываньня?
У Беларусі адбываецца прыблізна той самы працэс, толькі больш расьцягнуты ў часе. Калі я чытаю развагі пра «народ, які аморфны, пасіўны, апалітычны» і г.д., я ўзгадваю той выступ Адама Міхніка.
Зразумела, Беларусь – ня Польшча, і гістарычныя працэсы, і актуальная сытуацыя ў нас прынцыпова розная, але ёсьць адно, што яднае. Як дваццаць гадоў таму ў Польшчы, так цяпер у Беларусі людзі спрабуюць выкараскацца з умоўнай «лясной вёскі з туалетам у полі». То бок, зь беднасьці і беспэрспэктыўя. А ў каго атрымалася – замацавацца ў дасягнутым. Гэта і ёсьць ідэалёгія «чаркі і шкваркі» – выжыць і замацавацца без усялякіх абстрактных ідэяў.
Лукашэнка доўга гуляў на простым чалавечым жаданьні наладзіць і стабілізаваць уласны быт, уклаў нямала рэсурсаў у падвышэньне рэальных заробкаў, чым працаваў на ўласны PR, але ўрэшце вярнуў сытуацыю да стартавай лініі. Бо рэсурсы ад пачатку былі пшыкам.
Але ж у Менску, і ня толькі, за гэты час нарос чарговы слой людзей, якім ня трэба штодня фізычна выжываць. Гэта дзеці і дзеці дзяцей перасяленцаў у Менск эпохі раньняга Лукашэнкі.
Ня так хутка, як у Польшчы, не рэвалюцыйна, а эвалюцыйна, дзякуючы глябалізацыі, сярод іншага, у Беларусі павялічваецца колькасьць людзей, якія ўжо маюць час і жаданьне «на ідэі». Назавем гэтых людзей «прасунутымі».
Прасунутасьці тым болей, чым менш чалавек выдаткоўвае часу на выжываньне. Прасунутасьць знаходзіць сабе выйсьце ў бізнэсовых і грамадзкіх праектах, якія часам спалучаюцца. Напрыклад, на плятформе ідэалёгіі КСА – карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці. Самы вядомы ўзор падобнай супольнай дзейнасьці – музычныя вечары каля менскай Ратушы, але насамрэч праектаў значна болей.
Парадаксальным чынам апошнія дваццаць зь лішкам гадоў Лукашэнка падрываў сваю «чарка-шкварачную» электаральную базу, калі ўкідаў расейскія фінансавыя пазычкі ў непадмацаванае эканамічным чынам «працьвітаніе».
«Галасуй, не галасуй, усё раўно палучыш... шайбу, шайбу!» Гэты жарт савецкіх часоў зайграў новымі фарбамі.
Прапануй цяперашнім беларусам, што ў Менску, што ў глухой вёсцы, адмовіцца ад патэнцыйнага «эўрапаскудзтва» – не зразумеюць ці засьмяюць. На спажывецкім узроўні. Рэальна прапанаваць «сваю ўнікальную мадэль» разьвіцьця ў дзяржавы (чытай – Лукашэнкі) няма як, а пустыя абяцанкі не спрацуюць, бо людзі ўжо апякліся.
Таму мы назіраем вымушаную «лібэралізацыю», сутаргавы пошук спалучэньня казарменнай вэртыкалі і выхаду з эканамічнага штопару.
Ёсьць другі ўзровень «чаркі-шкваркі». Калі людзі змагаюцца ўжо не за ўласнае выжываньне, а зарабляюць-укладаюць у адукацыю дзяцей. Людзі самі шукаюць выхады з эканамічных складанасьцяў, не абапіраючыся на дзяржаву. Нават у глухой вёсцы ёсьць варыянты – ягады зьбіраць у сэзон. Ня варта пагарджаць такімі людзьмі. Насуперак неспрыяльным умовам з боку сучаснай дзяржавы, яны рыхтуюць будучыню краіны.